Блогеры ўявілі Магілёў з неплацельшчыкамі на білбордах (Фота)
- 23.01.2010, 15:26
Беларускія блогеры ўявілі, як будзе выглядаць Магілёў, калі ў ім з'явіцца вонкавая рэклама з выявай злосных неплацельшчыкаў камунальных паслуг.
Ініцыятыва магілёўскіх уладаў «упрыгожыць» горад білбордамі з фатаграфіямі людзей, якія не плацяць за камунальныя паслугі, стала нагодай для абмеркавання сярод карыстальнікаў Байнэту. Некаторыя нават пайшлі далей банальных дыскусій і паспрабавалі змадэляваць, якім будзе Магілёў пасля таго, як у ім з'явяцца вялізныя партрэты неплацельшчыкаў.
Як бачна з фотамантажу, які зрабіў беларускі блогер sfactor, у Магілёва ёсць усе шанцы набыць «новы твар».
«Улічваючы, што звычайна камунальныя паслугі не аплочваюць тыя, у каго на такія дробязі проста не хапае часу, можна ўявіць, як пахарашэе Магілёў», - адзначае блогер sfactor.
Нагадаем, што ў магілёўскім цэнтры гарадскіх інфармацыйных сістэм абмяркоўваюць новы праект, які дапаможа спагнаць запазычанасці па кватэрнай плаце. У Магілёве плануецца расклейваць партрэты злосных неплацельшчыкаў на канструкцыях гарадской вонкавай рэкламы. У цэнтры інфармацыйных сістэм зрабілі нават відэаролік, які папярэджвае аб магчымасці бясплатна «пакрасавацца» на білбордзе за няўплату.