BE RU EN

«Reuters»: Беларускія НПЗ мoгут прыпыніць працу

  • 26.01.2010, 8:52

Заводы могуць спыніцца, калі пастаўкі нафты не адновяцца ў ранейшым аб'ёме.

«Прапампоўкі сыравіны ў накірунку Мазыра 24 студзеня не было, а пастаўка на Наваполацкі НПЗ за суткі склала ўсяго 6 тысячаў тон», — паведаміла Reuters 25 студзеня крыніца ў галіне. Калі прапампоўка сыравіны ў хуткім часе не адновіцца ў поўным аб'ёме, прадпрыемствы будуць вымушаныя перавесці абсталяванне на рэжым рэцыркуляцыі.

Прапампоўка расейскай нафты ў накірунку беларускіх НПЗ за першыя 24 дні студзеня 2010 года склала каля 592 тысячаў тон, у той час як меркавалася больш чым ў 2 разы больш.

Між тым, 25 студзеня беларуская дэлегацыя, узначаленая першым намеснікам прэм'ер-міністра краіны Уладзімірам Сямашкам, прыбыла ў Маскву для абмеркавання ўмоваў паставак нафты ў 2010 годзе. Аднак першы дзень перамоваў не прынёс значных вынікаў.

25 студзеня таксама прайшла інфармацыя пра тое, што Расея гатовая даць Беларусі крэдыт для аплаты расейскай нафты ў 2010 годзе. «Расея гатовая даць Беларусі крэдыт на суму, эквівалентную аб'ёму вывазных мытных пошлінаў, якія будуць прымяняцца для дадаткова ўзгодненых закупак нафты», — заявіла ПРАЙМ-ТАСС крыніца, блізкая да перамоваў бакоў па ўмовах паставак нафты.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы перапрацоўваюць штогод больш за 21 млн тон нафты. Адзіным пастаўшчыком нафты ў Беларусь у цяперашні час з'яўляецца Расея. Да 2007 года Беларусь не плаціла Расеі пошліну за нафту, якая перапрацоўвалася. З 2007 года, згодна з падпісаным пагадненнем, Беларусь стала плаціць траціну ад узроўня экспартнай пошліны, усталяванай Расеяй.

У 2010 годзе Беларусі пакуль не атрымалася дамовіцца пра ільготныя ўмовы набыцця расейскай нафты, таму нашая краіна ў цяперашні час закупляе яе, выплачваючы цалкам экспартную пошліну за вуглевадародную сыравіну.

Апошнія навіны