BE RU EN

Беларусь заняла другое месца па ўзроўні інфляцыі ў Еўропе

  • 26.01.2010, 15:18

Як паказалі вынікі 2009 года, інфляцыя ў Беларусі ў шмат разоў перавышае еўрапейскі ўзровень.

Па ўзроўні інфляцыі па выніках мінулага года першае месца ў Еўропе заняла Украіна. Рост спажывецкіх цэн ва Украіне ў 2009 годзе склаў 12,3%. Другое месца дасталася Беларусі. Спажывецкія цэны ў нашай краіне за год выраслі на 10,1%. Трэцяе ж месца заняла Расея з узроўнем інфляцыі 8,8%. Такія дадзеныя прыводзіць Федэральная служба дзяржаўнай статыстыкі (Расстат) са спасылкай на дадзеныя Еўрастата, паведамляе РБК.

У сярэднім па краінах Еўразвяза інфляцыя за мінулы год склала 1,4%.

У снежні мінулага года сярод еўрапейскіх краін найбольшы прырост спажывецкіх цэн адзначаўся ў Беларусі - на 1,3%, ва Украіне - на 0,9%, у Нямеччыне - на 0,9%. У асобных еўрапейскіх краінах назіралася зніжэнне цэн у параўнанні з папярэднім месяцам.

Сярод краін Еўрапейскага звяза найбольшы прырост спажывецкіх цэн на прадукты харчавання ў параўнанні з папярэднім месяцам назіраўся ў Чэшскай Рэспубліцы (1,7%) і Балгарыі (1,1%), у параўнанні з снежнем 2008 года - у Польшчы (3, 4%) і Вугоршчыне (1,3%). У той жа час у шэрагу дзяржаў ЕЗ у снежні 2009 года адзначалася зніжэнне спажывецкіх цэн на прадукты харчавання.

Больш за ўсё прадукты патаннелі за месяц на Кіпры (-1,4%), Мальце (-1,2%), у Аўстрыі, Грэцыі, Даніі, Славеніі (-0,5-0,6%). На працягу мінулага года ў многіх дзяржавах ЕЗ назіралася тэндэнцыя да зніжэння коштаў на прадукты харчавання. За перыяд з пачатку 2009 года цэны на прадукты ў сярэднім сталі ніжэй у Ірландыі (-7,9%), Латвіі (-7,1%), Эстоніі (-6,9%), Славакіі (-5,6%), Партугаліі (-5,3%).

Адзначым, што прыведзеныя дадзеныя па Беларусі з'яўляюцца афіцыйнымі. Паводле інфармацыі незалежных экспертаў, інфляцыя ў Беларусі значна вышэйшая.

Апошнія навіны