«КазМунайГаз»: Пастаўкі казахстанскай нафты на беларускія НПЗ магчымыя толькі ў тэорыі
- 26.01.2010, 15:47
Пастаўкі казахстанскай нафты на беларускія НПЗ дэталёва не абмяркоўваліся з беларускім бокам.
Пра гэта паведаміў упраўляючы дырэктар па перапрацоўцы і маркетынгу нафты АТ «Нацыянальная кампанія «КазМунайГаз» (НК КМГ) Даніяр Тыесаў, перадае агенцтва «Kazakhstan Todayсо» са спасылкай на газету «Літара».
«Пакуль з беларускімі калегамі гэтае пытанне дэталёва не абмяркоўвалася», - адзначыў Тыесаў, каментуючы заяву амбасадара Казахстана ў Беларусі Анатоля Смірнова.
Смірноў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 19 студзеня, не выключыў, што да канца гэтага года будзе вырашана пытанне з пастаўкамі казахстанскай нафты на беларускія НПЗ.
Прадстаўнік «КазМунайГаз» адзначыў, што для станоўчага вырашэння гэтага пытання патрэбна дэталёвая прапрацоўка і разлікі.
«Мы павінны абараняць свае інтарэсы і павінны глядзець на гэтае пытанне праз прызму простай эканомікі, то бок прагматычна. Калі гэта будзе выгадна і цікава, то цалкам магчыма, што мы пойдзем на гэтыя заводы», - растлумачыў упраўляючы дырэктар.
Ён адзначыў, што пытанне залежнасці беларускіх НПЗ ад расейскай нафты застанецца актуальным у будучыні, таму, на яго думку, у заяве амбасадара ад «жаданага да сапраўднага - вельмі вялікая праца».