МЗС Беларусі ўручыў ноту амбасадару Польшчы
- 27.01.2010, 8:43
Ноту амбасадару Польшчы Хенрыку Літвіну ўручылі пасля заяваў пратэсту ўладаў яго краіны з нагоды ўзмацнення рэпрэсіяў супраць беларускіх палякаў.
«Увага кіраўніка польскай замежнай установы была прыцягнутая да фактаў, датычных дзеянняў асобных супрацоўнікаў амбасады Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, якія не адпавядаюць базавым міжнародна-прававым дакументам, што рэгулююць дзейнасць замежных дыпламатаў у краінах акрэдытацыі», — кажацца ў прэс-рэлізе беларускага МЗС.
Беларускі бок «пацвердзіў амбасадару Рэспублікі Польшча зацікаўленасць у паступальным развіцці добрасуседскіх адносінаў з Польшчай на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі».
У паведамленні не называюцца канкрэтныя прычыны ўручэння ноты.
Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі ўзмацніўся ціск на Звяз палякаў. 21 студзеня ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні актывістаў непрызнанага Звяза. Былі затрыманыя 43 актывісты, якія накіроўваліся ў Івянец (Менская вобласць) дзеля таго, каб падтрымаць кіраўнічку мясцовай суполкі ЗПБ Тэрэзу Собаль, на якую аказваўся ціск з боку ўладаў.
У той дзень прадстаўнікі польскай дыпмісіі прысутнічалі на сходзе івянецкай арганізацыі неафіцыйнага Звяза палякаў у Беларусі, падчас якога яе кіраўніком зноў абралі Тэрэзу Собаль.
22 студзеня старшыня парламента Еўразвяза Ежы Бузек падчас візіту ў Варшаву выказаў заклапочанасць сітуацыяй вакол польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.
«Рэакцыя павінна быць неадкладнай. Мы павінны дзейнічаць рашуча і цвёрда. Мы ўсё яшчэ памятаем Польшчу ў 1970-1980-я, калі сябры нацыянальна-вызваленчага руху атрымлівалі ў турмах падтрымку звонку. Гэтая падтрымка мае вырашальнае значэнне, і мы будзем настойваць на ёй», -- заявіў прэзідэнт Еўрапарламента.
Занепакоенасць сітуацыяй вакол ЗПБ і затрыманнямі актывістаў аб'яднання выказала і амбасада Польшчы ў Менску.
У той жа час Камісія па сувязях з палякамі замежжа Сойма Польшчы заклікала ўрад Польшчы ўвесці візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў, якія датычныя да рэпрэсіяў супраць актывістаў ЗПБ.