BE RU EN

Прэзэнтацыю «Бардаўскага хрысціянскага хіта» у касцёле забаранілі

  • 27.01.2010, 13:25

Імпрэза была заплянаваная на 28 студзеня ў менскім касцёле Святых Сымона і Алены.

Удзел у імпрэзе плянавалі прыняць такія вядомыя выканаўцы, як Кася Камоцкая, Эдуард Акулін, Алеся Унукоўская, Таццяна Беланогая, Алесь Камоцкі, Андрэй Плясанаў і іншыя. Аднак напярэдадні арганізатарам паведамілі, што ў касцёл патэлефанавалі з Менгарвыканкаму і запатрабавалі адмены прэзэнтацыі. Падставай для гэтага стаўся, нібыта, ўдзел у канцэрце некаторых выканаўцаў аўтарскай песні. Арганізатары ж мяркуюць, што сапраўднай падставай сталася тое, што аўтарамі праекту «Беларускі хрысціянскі хіт» з'яўляюцца заснавальнікі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Такім чынам, прэзэнтацыя пераносіцца ў памяшканне сядзібы партыі БНФ, паведамляе «Радыё Свабода».

Чарговы дыск хрысціянскіх спеваў «Бардаўскі хрысціянскі хіт» — пяты з сэрыі «Беларускі Хрысьціянскі хіт». Традыцыйна ён распачынаецца спевам «Магутны Божа», а замест заключнага спеву «Ойча Наш» гэтым разам вершаваная малітва Рыгора Барадуліна з праекта Алеся Камоцкага «Псальмы», якую чытае сам аўтар.

Праект «Беларускі хрысціянскі хіт» мае на мэце як беларусізацыю хрысціянскіх асяродкаў у Беларусі, так і папулярызацыю хрысціянскіх каштоўнасцяў у беларускім грамадзтве. У гэтай музычнай сэрыі раней ужо выйшлі дыскі «Беларускі хрысціянскі хіт», «Беларускі хрысціянскі хіт-2», «Хрыстос нарадзіўся», «Хрыстос уваскрос», плянуецца выдаць таксама «Беларускі хрысціянскі рок», «Беларускі хіт пілігрыма», «Беларускі літургічны спеў».

Апошнія навіны