Напярэдадні «выбараў» актывіста руху Мілінкевіча забіраюць у войска
- 27.01.2010, 15:24
28 студзеня актывіст руху «За свабоду» Алег Пронскі павінен з’явіцца ў Мастоўскі раённы ваенкамат.
Як паведамляе «Радыё Свабода», яго забіраюць служыць у войска. Пасля заканчэння летась Гарадзенскага аграрнага універсітэта ён працаваў у СВК імя Адама Міцкевіча ў Мастоўскім раёне.
Рэгіянальны каардынатар руху «За свабоду» на Гарадзеншчыне Алесь Зарамбюк заяўляе, што ўчора ён перадаў у Гарадзенскі аблвыканкам спіс з чатырнаццаці сябраў актывістаў руху «За свабоду» для ўключэння іх у абласную выбарчую камісію. Сярод іх быў і Алег Пронскі.
Апроч таго, Пронскі мусіў балатавацца ў Гарадзенскі абласны і ў Мастоўскі раённы саветы. Спіс быў здадзены, а неўзабаве Алегу Пронскаму патэлефанаваў з ваенкамату маёр Рэміз. Без позвы Алег Пронскі адмовіўся з’явіцца ў ваенкамат, але сёння яго даставілі туды і ўручылі позву.
Адзначым, што летась Алега Пронскага, тады яшчэ студэнта 5-га курса, спрабавалі вербаваць супрацоўнікі КДБ, але хлопец адмовіўся.