BE RU EN

Леанід Заіка: Калі ў Беларусі патаннее бензін?

  • 28.01.2010, 10:13

У сувязі з падпісаннем нафтавага кантракту, з 1 лютага бензін у Беларусі тэарэтычна павінен патаннець на 30%.

27 студзеня ў Маскве Беларусь і Расея падпісалі пакет дакументаў аб умовах паставак нафты ў 2010 годзе. Пра гэта даклаў прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву віцэ-прэм'ер Ігар Сечын, паведамляе «Радыё Свабода».

Бакі падпісалі змены да пагаднення аб пастаўках сырой нафты ў Беларусь, методыку тарыфаўтварэння на продаж нафты, баланс нафтавай сыравіны на 2010 год, сумесную заяву віцэ-прэм'ераў двух краінаў аб гарантыях бесперапынна транзіту. Паводле афіцыйных крыніцаў, у Беларусь паступіць каля 21,5 мільёна тон нафты, а аб'ём бяспошлінных паставак нафты складзе 6,3 мільёна тон. Па словах першага віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі, атрымалася дамовіцца аб умовах, блізкіх да 2009 года, таму бюджэтныя страты будуць не такімі вялікімі.

Па словах віцэ-прэм'ера Расеі Ігара Сечына, у верасні будзе праведзена дадатковае ўзгадненне аб'ёмаў спажывання нафты ў Беларусі і тарыфаўтварэння. Гэта можа адкарэктаваць аб'ёмы пастаўкі сырой нафты. Дамоўленасці не дапускаюць аднабаковага павелічэння тарыфаў, канфіскацыі часткі грашовых сродкаў і ў поўнай меры гарантуюць інтэрасы Расеі. Па словах Сечына, пагадненне адпавядае інтэрасам расейскіх кампаніяў, і яно ўрэгулявала пастаўкі ільготных аб'ёмаў нафты для ўнутранага спажывання Беларусі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што Расея зрабіла Беларусі падарунак у 6 мільёнаў тон нафты:

«Яны даюць нам танную нафту, і ўжо з 1 лютага Аляксандр Лукашэнка можа ўводзіць новыя кошты на бензін, якія будуць танней за цяперашнія на 30%, -- заявіў Леанід Заіка. -- Зараз беларускае грамадства можа спытаць у сваіх палітыкаў - калі будзе бензін за 2 тысячы рублёў? Нам такую нафту даюць расейцы, і мы павінны мець роўныя кошты на бензін для ўнутранага спажыўца. Расея зрабіла падарунак у 6 мільёнаў тон нафты, і яго павінен атрымаць не прэм'ер-міністр, а само беларускае насельніцтва».

Апошнія навіны