Віцебскіх апазіцыянераў не пусцілі ў выбарчую камісію
- 28.01.2010, 11:00
27 студзеня адбылося паседжанне Віцебскага гарвыканкама, на якім была сфармаваная гарадская камісія па выбарах дэпутатаў у складзе 13 чалавек.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у камісію не ўвайшлі, паведамляе «Радыё Свабода».
Пяцёра з 13 чальцоў Віцебскага гарвыбаркама – прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў, як і прадугледжваюць змены ў Выбарчы кодэкс. Але, як і раней, «грамадскасць» у выбаркаме прадстаўляюць вядомыя сваёй пазіцыяй структуры: БРСМ, ветэранская арганізацыя, аб'яднанне вайскоўцаў-афганцаў «Братэрства», жаночыя арганізацыі праўладнага накірунку і КПБ.
Каардынатар аргкамітэта БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец паведаміла, што яе не ўзялі ў камісію (яна вылучалася шляхам збору подпісаў). Лёс прэтэндэнтаў вырашалі галасаваннем: з 18 прадстаўнікоў гарвыканкама і чальцоў прэзідыюма Віцебскага гарсавета за яе ўключэнне ў камісію прагаласавалі трое. Столькі ж - за прадстаўніцу Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». За прадстаўнікоў Партыі БНФ і БСДП (Грамада) наогул ніхто не прагаласаваў.
Адзначым, што 27 студзеня таксама ніводнага актывіста апазіцыі не пусцілі ў выбарчую камісію Гомеля. Такі расклад будзе па ўсёй краіне - у гэтым сумнявацца не прыходзіцца.