Прыватныя крамы пяройдуць на айчынны асартымент
- 29.01.2010, 9:03
КДК узмоцніць жорсткасць кантролю за выкананнем аблвыканкамамі «прагнозных паказчыкаў».
Пра гэта заявіў 28 студзеня старшыня камітэта Зянон Ломаць на паседжанні Магілёўскага аблвыканкама, дзе разгледжаныя вынікі працы народна-гаспадарчага комплексу рэгіёна за 2009 год, перадае БелТА.
«Кантроль за выкананнем прагнозных параметраў будзе весціся штотыдзень, і для гэтага распрацаваная спецыяльная методыка. Ацэнкі па выніках кожнага месяца будуць давацца самыя жорсткія. Таму, пачынаючы з сённяшняга дня, чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў павінны настройваць сябе на актыўную працу ў гэтым накірунку. Пры гэтым мы не павінны забываць, што галоўным крытэрам павінна стаць забеспячэнне фінансавай устойлівасці: рэнтабельнасць, прыбытак, наяўнасць абаротных сродкаў на рахунку прадпрыемстваў», - адзначыў Зянон Ломаць.
Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю звярнуў асаблівую ўвагу на актывізацыю працы па зніжэнні складскіх запасаў, павелічэнні экспарту, мінімізацыі імпарту і на максімальна магчымае пасоўванне беларускіх тавараў на новыя рынкі. «Мы павінны больш актыўна прыцягваць да гэтай працы прыватны бізнэс, асабліва тыя суб'екты, якія займаюцца аптовым і рознічным гандлем. Недапушчальна, каб на прылаўках прыватных крамаў не было тавараў айчыннай вытворчасці», - лічыць Зянон Ломаць.
Кіраўнік кантрольнага ведамства таксама заклікаў да рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і дзяржмаёмасці, якая маецца ў наяўнасці. «Ацэнка будзе самая жорсткая, не зважаючы на асобы і пасады», - канстатаваў Зянон Ломаць.