На 6 студзеня ў Беларусі абвешчанае штармавое папярэджанне
- 4.01.2010, 13:23
У найбліжэйшыя дні беларускія сіноптыкі прагназуюць значнае пагаршэнне надвор'я, якое прынясе паўднёвы цыклон.
Пагаршэнне надвор'я з 6 студзеня прынясе ў Беларусь паўднёвы цыклон з Балканаў, паведаміў «Інтэрфаксу» начальнік службы метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітры Рабаў.
«У сувязі з пагаршэннем надвор'я на большай частцы тэрыторыі Беларусі на 6 студзеня сіноптыкі зрабілі штармавое папярэджанне», паведаміў Рабаў.
Паводле яго словаў, «паўднёвы цыклон з Балканаў удзень 6 студзеня створыць складаныя ўмовы надвор'я на тэрыторыі рэспублікі. Чакаецца снег, у асобных раёнах моцны снег, завея, галалёдзіца, узмацненне ветра да 15 - 18 метраў у секунду. Уначы чакаецца 7 - 14 градусаў марозу, у асобных раёнах, пры праясненнях, да мінус 18 градусаў. Удзень - мінус 1 - 8 градусаў».
«Такія ж складаныя ўмовы надвор'я будуць і ў ноч на Раство. Чакаецца моцны снег, завея, месцамі - заносы на дарогах, парывісты вецер і галалёдзіца», паведаміў Рабаў.
«Удзень 7 студзеня надвор'е супакоіцца, пройдзе кароткачасовы снег, чакаецца слабая завея, пацяплее. Уначы - 1 - 8 градусаў марозу, па поўначы - да мінус 10 градусаў, а ўдзень - ад мінус 4 да плюс 2 градусаў», удакладніў Дзмітры Рабаў.
«У пятніцу перыяд зацішша працягнецца. Удзень чакаецца мокры снег, на поўдні - з дажджом. Магчыма наліпанне мокрага снега, на дарогах чакаецца галалёдзіца, уначы 4 - 11 градусаў марозу, удзень - ад мінус 6 да плюс 1 градуса», паведаміў Рабаў.
У суботу чарговы паўднёвы цыклон, які пройдзе праз Польшчу ўздоўж заходніх межаў Беларусі, прынясе складаныя ўмовы надвор'я - ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, галалёд, месцамі туманы. Тэмпература ўначы - ад мінус 6 да плюс 1 градус, удзень - ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, паведаміў Рабаў.
У нядзелю сутачны перапад тэмператураў чакаецца ад мінус 3-х да плюс трох градусаў. У найбліжэйшы аўторак марознае надвор'е ў Беларусі захаваецца, удакладніў Дзмітры Рабаў.