Станіслаў Шушкевіч: «Улада зменіцца»
- 4.01.2010, 15:22
«Улада ў Беларусі зменіцца хутчэй, чым знікне расейская падпорка дыктатарскаму рэжыму», - упэўнены былы старшыня Вярхоўнага Савета.
Пра гэта Станіслаў Шушкевіч заявіў у перадачы «Радыё Свабода» «Анкета Свабоды».
-- Што для вас свабода?
-- Магчымась быць самім сабой, а яшчэ – абавязак не перашкаджаць іншым мець такое ж права.
-- Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
-- Інстынкт самазахавання.
-- Што для вас шчасце?
-- Займацца любімай справай.
-- Чаго вы найбольш баіцеся?
-- Здрады ўласным прынцыпам пры спакусе ці пад прымусам.
-- Які талент вы хацелі б мець?
-- Прыстойна граць на раялі.
-- Кім з сучаснікаў вы захапляецеся?
-- Пад сучаснікамі, якімі захапляюся, разумею тых, хто, на шчасце, жыве або быў жывым пасля майго нараджэння. Пачнем з беларусаў – захапляюся Ларысай Геніюш, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам. З тых, каго давялося пачуць і ўбачыць на уласныя вочы, – Янам Паўлам ІІ, акадэмікам Сахаравым, Лехам Валенсам, Эдвардам Хітам, Гельмутам Колем, Білам Клінтанам, Жэлю Жэлевым, Віктарам Юшчанкам, Бальцэровічам. З «тэарэтычна» вядомых – Чэрчылем.
-- Што вы найбольш любіце рабіць?
-- Майстраваць, будаваць, прымаць гасцей.
--Калі б можна было пражыць жыццё яшчэ раз, што б вы змянілі?
-- Пастараўся б быць больш чулым і клапатлівым да родных і блізкіх.
-- Якую найлепшую параду вы атрымалі?
-- Ад бабулі: у кожным чалавеку імкніся знайсці добрае, яно абавязкова ёсць.
-- Які ваш улюбёны дэвіз?
-- Будзе тое, што будзе, і ўсё залежыць ад усяго.
-- У якой палітычнай сістэме вы хацелі б жыць?
-- У сапраўды дэмакратычнай.
-- У якой краіне вы хацелі б жыць?
-- У Беларусі.
-- У якую эпоху вы хацелі б жыць?
-- У сваю.
-- Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
-- Кіраўніком быў, зрабіў, што мог, але далёка не ўсё, што хацеў. Добра ўсвядоміў, хацець – мала. Трэба мець план рэалізацыі «хацення» плюс працаздольнасць, цярпенне, мужнасць і шэраг іншых станоўчых якасцяў, каб такі план рэалізаваць. Кіраўнік дзяржавы павінен арыентавацца на аб’ектыўныя паказчыкі духоўнага і маёмаснага дабрабыту грамадзян. Галоўны з іх – сярэдняя працягласць жыцця. Гэты паказчык у Беларусі недапушчальна нізкі, бо дзяржава клапоціцца аб дабрабыце ўлады, а не грамадзян. Побыт многіх сялян застаецца і сёння пазамінулавечным. Яго трэба паляпшаць найперш.
-- Якія адносіны Беларусь павінна мець з Еўразвязам?
-- Партнёрскія, узаемавыгадныя. Беларусь як незалежная дзяржава павінна адпавядаць стандартам краін – чальцоў Еўразвяза.
-- Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
- Партнёрскія, раўнапраўныя.
-- Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
- У наш час у Беларусі дыктатура можа быць сваёй толькі для хаўруснікаў, аб’яднаных злачыннымі задумкамі, і для тых, хто не мае ўласнага пачуцця чалавечай годнасці.
-- Калі і як у Беларусі зменіцца ўлада?
-- Зменіцца хутчэй, чым знікне расейская падпорка дыктатарскаму рэжыму.
-- Калі беларусы загавораць па-беларуску?
-- Большасць стане гаварыць па-беларуску праз 5-10 гадоў пасля таго, як антыбеларускі прэзідэнт і ўрад заменяцца беларускімі.
-- Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
-- Загавораць!
Станіслаў Шушкевіч – палітык, фізік. Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1991–1994). Працаваў у Інстытуце фізыкі АН Беларусі, у Менскім радыётэхнічным інстытуце, у БДУ. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР. Разам з кіраўнікамі Расеі і Украіны ў 1991 годзе падпісаў Белавескія пагадненні. Доктар фізіка-матэматычных навук. Жыве ў Менску.