BE RU EN

Легкавыя аўтамабілі сталі дэфіцытам (Відэа)

  • 5.01.2010, 9:05

З 4 студзеня за-за падвышэння мытаў буйныя аўтамабільныя дылеры фактычна спынілі продажы ў Беларусі новых аўтамабілей.

Непапулярны крок прадаўцы тлумачаць адсутнасцю складскіх запасаў і нявызначанай схемай увозу ў краіну новых партыяў тавара.

Як патлумачыў парталу TUT.by старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч справакаваны інфармацыяй пра падвышэнне ўвазных пошлінаў бум спустошыў склады нават самых буйных аўтацэнтраў. Паводле папярэдніх падлікаў толькі ў снежні 2009 года дылеры прадалі беларусам некалькі тысячаў легкавых аўтамабіляў.

Алею ў агонь падлілі кампаніі, якія адразу пасля Новага года адмовіліся выставіць на продаж свае складскія рэшткі. Паводле версіі прадаўцоў, прадаваць аўтамабілі па коштах 2009 года ўжо не мае сэнсу. У той жа час пакуль не зусім зразумела, як будуць фармавацца кошты сёлета: з улікам патрабаванняў Мытнага саюза і новай стаўкі ПДВ.

Паводле версіі экспертаў, крызіс у аўтамабільнай галіне можа працягнуцца некалькі месяцаў. Увесь гэты час новы аўтамабіль будзе лічыцца ў Беларусі ледзь не самым дэфіцытным таварам.

Па словах Міхневіча ўжо сёння набыць новую легкавую машыну ў сталіцы проста нерэальна. Дынаміку продажаў захавалі лічаныя дылеры, у ліку якіх кампанія «Атлант М Баравая» Ford, якая днямі скончыла продаж складскога запасу аўто па коштах 2009 года. Пры пікавых продажах у 10-12 аўтамабіляў у дзень уся пераднавагодняя партыя Ford пагражае знікнуць за дзесяць дзён.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2010 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць падвышаныя стаўкі мытных пошлінаў на ўвоз легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі.

Гэта прадугледжана падпісаным у Менску 27 лістапада 2009 года Адзіным мытным тарыфам у межах створанага Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана. Для фізічных асобаў у Мытным саюзе пакуль не вызначаныя новыя правілы ўвозу тавараў, яны будуць выпрацоўвацца да 1 ліпеня 2010 года.

Стаўкі ўвазных мытных пошлінаў на легкавыя аўтамабілі ў Беларусі будуць падвышаныя да расейскага ўзроўня. Пры гэтым з 1 студзеня 2010 года аўтамабілі, якія збіраюцца ў Расеі, змогуць бязпошлінна ўвозіцца ў Беларусь і Казахстан, калі ўзровень лакалізацыі іх вытворчасці дасягнуў 30%.

У той жа час Расея прыняла беларускую прапанову аб падвышэнні ставак пошлінаў на седлавыя цягачы, грузавыя аўтамабілі і камбайны, станочнае абсталяванне, электрарухавікі.

Для Беларусі легкавыя аўтамабілі з'яўляюцца адзінай таварнай групай, у дачыненні да якой змена мытных тарыфаў істотна закранае інтарэсы грамадзянаў.

Апошнія навіны