Лядовы палац у Баранавічах акупляюць за кошт прымусовых экскурсій
- 5.01.2010, 15:07
Педагогам Баранавічаў у працоўны час прапаноўваюць за грошы наведаць з экскурсіяй Лядовы палац.
Кошт экскурсіі для настаўнікаў - 3 000 рублёў. Школьнікаў, якія наведваюць прышкольныя лагеры, таксама водзяць у палац, але ўжо за 1,5 тысячы рублёў, паведамляе газета «Intex-press».
Падчас экскурсіі экскурсаводы робяць асноўны акцэнт на тым, што першы ў гісторыі лядовага поля хакейны матч у Баранавічах прайшоў з удзелам Лукашэнкі.
«Тут гуляў Аляксандр Лукашэнка, - урачыста кажа экскурсавод групе, што стаіць каля лядовай арэны, - яго каманда выйграла з лікам 10:2!»
Нагадаем, што адкрыццё Лядовага палаца ў Баранавічах адбылося 29 снежня з удзелам беларускага кіраўніка. Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Баранавіцкі Лядовы палац» абышлося ў суму больш за 60 мільярдаў рублёў. Баранавічы сталі шостым па ліку горадам у Берасцейскай вобласці пасля Берасця, Пінска, Пружан, Бярозы і Кобрына, дзе з'явілася лядовая арэна.