«Голас Расеі»: Галоўны супернік Лукашэнкі збіраецца змяняць уладу (Аўдыё)
- 1.10.2010, 8:50
Даўно час змяняць уладу ў Беларусі, даўно час пазбавіцца ад дыктатуры.
У Беларусі ўступае ў актыўную фазу кампанія па выбарах прэзідэнта краіны. 30 верасня ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду краіны пачалі збіраць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў. На гэтым этапе барацьбу за пасаду прэзідэнта краіны будуць весці 17 прэтэндэнтаў.
Ход выбарчай кампаніі «Голасу Расеі», пракаментаваў адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.
- Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла пра тое, што ўлада створыць для ўсіх кандыдатаў камфортныя ўмовы. Вы ўжо адчулі гэты камфорт?
- Я яшчэ не адчуў камфорту, але я адчуў актыўнасць людзей, якія хочуць падтрымаць альтэрнатыву. Пра ўзровень камфорту па адным дні меркаваць складана. А тое, што быў ціск і псіхалагічнае сачэнне, калі мы рыхтавалі спісы ініцыятыўнай групы, гэта я магу сказаць.
- Вас называюць адным з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі. Ці не баіцеся вы, што менавіта на вас абрынецца ўся моц прапагандысцкай машыны беларускага прэзідэнта.
- Я ведаю, што, хутчэй за ўсё, так і будзе, але гэта нічога не змяняе ў маіх планах. Даўно час змяняць уладу ў Беларусі, даўно час пазбавіцца ад дыктатуры ў Беларусі для таго, каб краіна была іншай і зажыла іншым, нармальным жыццём.
- Практычна ўсе эксперты называюць вынікі выбараў прадвызначанымі. Вы на што спадзяецеся?
- У нас няма выбараў, я згодны. У нас няма падліку галасоў. У нас ёсць фальсіфікацыя, што прызнана міжнароднай супольнасцю. У тым ліку, Лукашэнка не мае права па законе балатавацца яшчэ раз. Таму што рэферэндум, які даў яму гэта права, быў незаконным і таксама сфальсіфікаваным. Гэта значыць, выбараў як такіх у нас няма. Але народ мае права выбару, і мы будзем гэтым правам карыстацца.
- Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што больш за ўсіх зацікаўлены ў чысціні гэтых выбараў, бо, як ён сказаў, менавіта яму потым пяць гадоў прыйдзецца чырванець. Вы думаеце, прэзідэнт пачырванее і наогул, чым ён будзе пацвярджаць свае словы?
- Гэтыя заявы Аляксандра Лукашэнкі - тое самае, што яго заява, што ён лепшы сябра Расеі. Мы бачым, чым сканчаюцца гэтыя заявы. Чырванець гэтыя людзі не ўмеюць, а вось нам сорамна за тое, што нас прадстаўляе сёння дыктатар, якога, у тым ліку, падазраюць у датычнасці да палітычных забойстваў.
- Усёткі, чым прынцыпова гэта кампанія будзе адрознівацца ад папярэдніх?
- Прынцыпова адрозніваецца тым, што змянілася роля Расеі. Зараз няма той безагляднай падтрымкі, якая заўсёды дапамагала Лукашэнку фальсіфікаваць выбары. Вось гэта самае прынцыповае адрозненне. І я вам павінен сказаць, што людзі ў Беларусі з надзеяй глядзяць на тое, што Расея не застанецца безуважнай да лёсу народа Беларусі.