Калякін патрабуе зняць Лукашэнку з выбараў
- 1.10.2010, 10:29
Цэнтральны Камітэт Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» звярнуўся ў ЦВК з патрабаваннем адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
Такое рашэнне камуністы прынялі ў сувязі з тым, што, на іх думку, быў парушаны арт. 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім спіс ініцыятыўнай групы ў Цэнтравыбаркам прэтэндэнт павінен падаваць асабіста. Аднак, як вынікае з паведамленняў СМІ, пацверджаных асабіста старшынёй Цэнтральнай камісіі Лідзіяй Ярмошынай, дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі падаваў не асабіста, а Аляксандр Радзькоў, які прызначаны кіраўніком групы па зборы подпісаў, паведамляе udf.by.
Адгаворкі і адсылкі Цэнтральнай камісіі на практыку правядзення выбараў у Саветы, на думку левых, не карэктныя, бо прэзідэнцкія выбары праводзяцца па іншых заканадаўчых нормах.
Тым самым, зарэгістраваўшы групу Лукашэнкі, лічыць Партыя «Справядлівы свет», Цэнтральная камісія груба парушыла патрабаванні арт. 61 Выбарчага кодэкса і паставіла яго «у выключнае становішча ў параўнанні з іншымі асобамі, якія маюць намер вылучыцца кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь».
«У сувязі з тым, што пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы А.Г.Лукашэнкі былі груба парушаныя патрабаванні Выбарчага кодэкса, прапануем адмяніць рашэнне Цэнтральнай камісіі аб рэгістрацыі гэтай групы», - кажацца ў звароце.
Акрамя ліста ў ЦВК, заява за подпісам старшыні партыі Сяргея Калякіна адпраўленая ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь для рэагавання.
«На сённяшні момант група грамадзяніна Лукашэнкі не мае законнага права збіраць подпісы выбаршчыкаў», - перакананы Сяргей Калякін.