Суд палічыў правамернай адсутнасць апазіцыі ў складзе выбаркама
- 1.10.2010, 17:38
Гомельскі абласны суд вынес рашэнне па скарзе, у якім адзначыў, што камісія створана правамоцна, парушэнняў заканадаўства няма.
Абласныя структуры партыяў «Справядлівы свет», АГП і БНФ спрабавалі праз суд аспрэчыць адмову прэзідыума Гомельскага аблвыканкама і Савета дэпутатаў уключыць у склад абласной выбарчай камісіі прадстаўнікоў партый, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
1 кастрычніка абласны суд вынес рашэнне па скарзе, у якім адзначыў, што камісія створана правамоцна, парушэнняў заканадаўства няма. Больш за тое - прэзідыум пры фарміраванні камісіі праявіў звышдэмакратычнасць - 2/3, а не 1/3 сяброў абласной камісіі - прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Хто насамрэч прадстаўляе ў Гомелі грамадскасць - паведамлялася раней.
У скарзе ў суд кіраўніцтва абласных структур партый паказвалі, што пры фарміраванні камісіі не абмяркоўваліся кандыдатуры, не тлумачылася, чаму прадстаўнікоў партыі КПБ уключаюць у склад камісій, а, напрыклад, АГП - не. Апазіцыянеры паставілі пад сумненне празрыстасць і дэмакратычнасць пры фарміраванні камісіі.
Такое рашэнне суда не было нечаканасцю. Улады праз дзяржаўныя СМІ папярэдзілі, што не павінны нікому нічога тлумачыць. Напрыклад, у апошнім нумары гомельскай газеты «Савецкі раён» напісана: «Каб прадухіліць розныя плёткі адносна фарміравання выбарчых камісій, Ірына Абрамцава (начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама) асобна падкрэсліла, што паводле цяперашняга заканадаўства органы, якія фарміруюць камісіі, не маюць ніякіх квотаў на абавязковы ўдзел у працы выбарчых камісій тых ці іншых кандыдатаў, палітычных партый ці грамадскіх аб'яднанняў. Таксама яны не абавязаныя ні перад кім даваць справаздачу за абгрунтаванасць прынятага рашэння».