BE RU EN

Таджыкістан увёў цэнзуру ў інтэрнэце

  • 11.10.2010, 15:36

Улады Таджыкістана заблакавалі доступ да апазіцыйных сайтаў на тэрыторыі краіны.

У ліку іншых забаронены доступ да сайта незалежнага інфармагенцтва Avesta.tj, а таксама да Fergana.ru і Centrasia.ru. Як паведамілі ў адной з найбуйнейшых правайдарскіх кампаній Tadjiktelecom Technology, гэта было зроблена па пісьмовым указанні міністэрства транспарту і камунікацый Таджыкістана.

У самім міністэрстве абмежаванне доступу да незалежных інтэрнэт СМІ не каментуюць. Як паведамілі ІТАР-ТАСС у прыёмнай міністра, што «начальнік на нарадзе ва ўрадзе, яго першы намеснік у камандзіроўцы, другі - на вучобе».

Раней па загаду ўладаў найбуйнейшы паліграфічны комплекс Таджыкістана перастаў друкаваць шэраг незалежных выданняў. Палітолагі лічаць, што абмежаванне доступу жыхароў да незалежных крыніцаў інфармацыі звязана з ваеннай аперацыяй у Раштскім раёне краіны, якая пачалася 22 верасня. Улады абвінавачваюць журналістаў у адсутнасці патрыятызму і аднабаковым асвятленні ваеннай аперацыі. Пасля пачатку баявых дзеянняў Раштскі раён быў адключаны ад усіх відаў сувязі, доступ у яго для прадстаўнікоў СМІ цалкам заблакаваны.

У сярэдзіне верасня ў цясніне, размешчанай на тэрыторыі Раштскага раёна, была абстраляная аўтакалона з вайскоўцамі. У выніку былі забітыя больш за 20 чалавек. Улады Таджыкістана ўсклалі віну за абстрэл на групіроўкі былых палявых камандзіраў АТА Абдулла Рахімава (вядомага таксама як Мулла Абдулла) і Алавуддзіна Даўлатава (вядомага таксама як Алі Бедак). Акрамя таго, лічыцца, што ў раёне баявых дзеянняў могуць хавацца зняволеныя, якія ўцяклі з мясцовага СІЗА ў канцы жніўня.

Апошнія навіны