BE RU EN

Міхась Башура застаецца пад вартай

  • 12.10.2010, 9:03

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Міхась Башура застанецца пад вартай — суд адмовіў яму ў змене меры стрымання на падпіску аб невыездзе.

Суд над актывістам распачаўся 11 кастрычніка. Башуру абвінавачваюць па артыкуле 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне ці збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў), прычым адразу па дзвюх частках гэтага артыкула: частцы першай — падробка дакументаў у мэтах выкарыстання самім выканаўцам і частцы другой — тыя ж дзеянні, здзейсненыя групай асобаў па папярэдняй змове. Нібыта Башура для атрымання ільготнага крэдыту на будаўніцтва кватэры падаў падробленую даведку аб сваіх прыбытках, перадае БелаПАН.

Хадайніцтва аб змене меры стрымання падала адвакатка Башуры Тамара Сідарэнка. На яе думку, злачынства, якое інкрымінуецца яе падабароннаму, не з'яўляецца цяжкім і грамадска небяспечным. Акрамя гэтага, адвакатка адзначыла, што Башура раней не прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці і ў яго на ўтрыманні маецца непаўнагадовая дачка.

Тым не менш, суддзя адхіліў хадайніцтва, абгрунтаваўшы гэта тым, што мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай можа не ўжывацца да падсудных, абвінавачванне якіх прадугледжвае тэрмін пазбаўлення волі да двух гадоў. Па абвінавачванні, прад'яўленым Башуры, артыкул 380 прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Акрамя таго, суддзя прыняў пад ўвагу довады абвінавачвання аб тым, што Башура можа схавацца ад суда.

11 кастрычніка адбыўся допыт абвінавачванага і разгляд першага тома матэрыялаў крымінальнай справы. Башура сваёй віны не прызнаў. Ён адзначыў, што даведку аб сваіх даходах складаў у адсутнасць на працы бухгалтара і дырэктары прыватнага ўнітарнага выдавецкага прадпрыемства «Галіяфы», намеснікам якога ён працуе. «Дырэктар быў у ад'ездзе, бухгалтар са сваім дзіцем былі ў шпіталі. Таму я запампаваў з інтэрнэту інструкцыю па разліку зарабатнай платы і ў адпаведнасці з гэтай інструкцыяй падрыхтаваў даведку», — сказаў Башура.

Паводле яго словаў, ён не меў ніякага намеру падробкі дакументаў, і адзначыў, што ў складзенай ім даведцы яго зарабатная плата была завышаная: «Тым часам, мне было б больш выгодна, каб зарплата была заніжаная, паколькі ільготны крэдыт, для афармлення якога прызначалася даведка, падаецца маламаёмасным сем'ям. Нават калі б я быў беспрацоўным і ў маёй даведцы стаяў прыбытак «0», яна б усё адно была прынятая, і гэта было б больш выгодна, чым завышаць зарплату».

Ён з'яўляўся даручальнікам сваёй жонкі для атрымання крэдыту. «Як толькі мы даведаліся пра тое, што звесткі, пададзеныя ў маёй даведцы, несапраўдныя, мы адразу ж паспрабавалі выправіць гэтую памылку і знайшлі замест мяне іншага даручальніка», — сказаў Башура.

Паседжанне суда працягнецца 12 кастрычніка, пачатак у 11.00. Чакаецца, што будуць разгледжаныя матэрыялы другога тома крымінальнай справы і пачнецца допыт сведак.

Апошнія навіны