BE RU EN

Міхасю Башуры прад'явяць новае абвінавачванне

  • 15.10.2010, 11:05

Сёння на паседжанні суда дзяржаўны абвінаваўца Галіна Корнева заявіла хадайніцтва аб даванні ёй часу для перапрад'яўлення абвінавачвання.

Працэс над актывістам «Гавары праўду!» распачаўся 11 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна Менска. Башуру абвінавачваюць па артыкуле 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне ці збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў), прычым адразу па дзвюх частках гэтага артыкула: частцы першай - падробка дакументаў у мэтах выкарыстання самім выканаўцам і частцы другой - тыя ж дзеянні, здзейсненыя групай асобаў па папярэдняй змове. Нібыта Башура для атрымання ільготнага крэдыту на будаўніцтва кватэры падаў падробленую даведку аб сваіх даходах, нагадвае БелаПАН.

Сам Башура сваёй віны не прызнае. Ён сцвярджае, што даведку аб сваіх даходах складаў у адсутнасць на працы бухгалтара і дырэктара кампаніі, дзе ён працуе. Актывіст сцвярджае, што не меў ніякага намеру ў падробцы дакументаў. Абарона Башуры таксама прытрымліваецца меркавання, што пры складанні даведкі ён толькі памыліўся ў разліках, таму ў злачынствах, якія інкрымінуюцца яму, не вінаваты.

Сёння на паседжанні суда дзяржаўны абвінаваўца Галіна Корнева заявіла хадайніцтва аб даванні ёй часу для перапрад'яўлення абвінавачвання. Суддзя Кірыл Палулех гэтае хадайніцтва задаволіў.

Працэс над Башурам працягнецца ў панядзелак, 18 кастрычніка. Якое менавіта абвінавачванне яму будзе прад'яўленае, пакуль невядома.

Апошнія навіны