Дактары прызнаюцца, што іх прымушаюць збіраць подпісы
- 15.10.2010, 14:38
У Гародні зафіксаваныя чарговыя парушэнні пры зборы подпісаў за Лукашэнку.
Як паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у Скідзелі падпісацца за дыктатара на працоўным месцы прапаноўвалі дактары гарадской паліклінікі. Таксама незалежныя назіральнікі зафіксавалі ў Гародні некалькі зваротаў педыятраў пры візітах у кватэры грамадзян. Паводле словаў людзей, лекары тлумачаць, што іх прымушаюць збіраць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі і прапаноўваюць бацькам хворых дзяцей падпісацца.
У інтэрнаце Гарадзенскай гарадской бальніцы № 2, што знаходзіцца ў доме па вуліцы Томіна-12, вахцёры збіраюць подпісы ў падтрымку цяперашняга кіраўніка дзяржавы адразу на працоўным месцы. І тут узнікае шмат пытанняў - напрыклад, ці з'яўляюцца гэтыя вахцёры сябрамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Да таго ж, улічваючы той факт, што амаль паўсюдна па краіне сябрам ініцыятыўных груп іншых кандыдатаў збіраць подпісы ў інтэрнатах не дазваляецца, падобныя сітуацыі можна расцаніць як стварэнне няроўных умоў у працы зборшчыкаў подпісаў.