Башуры ўдакладнілі абвінавачванне
- 18.10.2010, 11:03
Актывісту грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Міхасю Башуры, працэс па справе якога праходзіць у судзе Савецкага раёна Менска, удакладнена раней прад'яўленае абвінавачванне, перадае БелаПАН.
Нагадаем, Башура абвінавачваецца па дзвюх частках артыкула 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне ці збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў).
Сам ён сваёй віны не прызнае. Башура сцвярджае, што даведку аб даходах складаў у адсутнасць на працы бухгалтара і дырэктара кампаніі, дзе ён працуе. Актывіст заяўляе, што не меў ніякага намеру па падробцы дакументаў.
Абарона Башуры таксама прытрымваецца меркавання, што пры складанні даведкі ён толькі памыліўся ў разліках, таму ў інкрымінаваных яму злачынствах не вінаваты.
На апошнім паседжанні суда, 15 кастрычніка, дзяржабвінаваўца Галіна Корнева заявіла хадайніцтва аб падаванні ёй часу для перапрад'яўлення абвінавачвання, і суддзя Кірыл Палулех яго задаволіў.
Сёння працэс над Башурам аднавіўся. Дзяржабвінаваўца перапрад'явіла абвінавачванне. Зараз Башура абвінавачваецца ў тым, што падрабіў даведкі для іх перадачы іншай асобе з мэтай атрымання ільготнага крэдыту для будаўніцтва жылля. Раней абвінавачванне сцвярджала, што ён сам падаваў гэтыя даведкі ў адпаведныя органы.
Неўзабаве ў судзе павінны пачацца спрэчкі бакоў.
На думку прадстаўнікоў грамадскасці, суд над Башурам — працэс палітычны.
Вызвалення актывіста кампаніі «Гавары праўду!» запатрабавалі, у прыватнасці, прадстаўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП), сябрам якога з'яўляецца Башура, і каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска.
Апошнія ў сваёй заяве падкрэслівалі, што ўвесну гэтага года Башура вылучаўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты Менскага гарадскога савета ад прадпрымальніцкага блока, а пасля — стаў актыўным удзельнікам кампаніі «Гавары праўду!», якую ўзначальвае адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.
Гэтыя акалічнасці, на думку прадпрымальнікаў, з'яўляюцца доказам таго, што суд над Міхасём Башурам палітычна матываваны.