Будынак КДБ у Бабруйску закідалі «кактэйлямі Молатава»
- 18.10.2010, 13:14
Ніхто не пацярпеў, узбуджаная крымінальная справа за хуліганства.
Праваахоўныя органы вядуць пошук зламыснікаў, якія закідалі будынак аддзела КДБ у Бабруйску (Магілёўская вобласць) бутэлькамі з запальнай сумессю.
«Невядомыя кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю на будынак КДБ у Бабруйску. Ніхто не пацярпеў, узбуджаная крымінальная справа за хуліганства, вядзецца пошук зламыснікаў», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» ва ўпраўленні ўнутраных спраў Бабруйска.
Ва ўпраўленні паведамілі, што «канфіскаваныя з месца здарэння фрагменты бутэлек з запальнай сумессю адасланыя на экспертызу». «У межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па арт. «Хуліганства» Крымінальнага кодэкса Беларусі, адпрацоўваюцца ўсе версіі. У тым ліку і аб датычнасці да дадзенага злачынства тых зламыснікаў, якія ў канцы жніўня гэтага года кінулі бутэлькі з запальнай сумессю на тэрыторыю амбасады Расеі ў Менску», - паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў Бабруйска.
Адказнасць за напад на будынак амбасады Расеі ў Менску тады ўзялі на сябе анархісты. Міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу па факце хуліганства, у якасці падазраваных называліся двое невядомых, але ў цяперашні час па дадзенай справе ніхто не затрыманы.