BE RU EN

Як у Беларусі падкуплялі расейскіх журналістаў

  • 19.10.2010, 10:38

Прадстаўнікоў расейскіх СМІ прымалі ў нашай краіне па сістэме «Super All Inclusive».

Як вядома, Масква славіцца купецкім размахам пры прыёме гасцей. Але ў выпадку з беларускімі журналістамі, запрошанымі на сустрэчу з кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі РФ Сяргеем Нарышкіным, усё было сціпла і карэктна. Ніхто не спрабаваў залагодзіць «акулаў пяра», якія прыбылі ў Крэмль, ніхто не прапаноўваў аплаціць праезд ці прадаставіць гатэль, ніхто не ўручаў дарагія сувеніры. Менавіта так і павінны складвацца стасункі паміж чыноўнікамі і журналістамі, піша «Салідарнасць».

Але зусім інакш сабе гэта ўяўляюць беларускія ўлады. Карэспандэнт «Ліпецкай газеты» Соф'я Воблікава распавяла «Белгазеце», які прыём быў аказаны 100 расейскім журналістам, якія прыехалі ў Менск на прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Вось некалькі цытатаў:

«Прыём расейскай прэсы быў арганізаваны на вышэйшым узроўні… Гаворка ішла нават не пра тое, каб аплаціць праезд, а пра поўнае матэрыяльнае забеспячэнне – і жыллём, і харчаваннем. Прычым не толькі на тэрыторыі Беларусі: тыя, хто прыязджаў у Маскву з аддаленых рэгіёнаў Расеі, ужо з раніцы (з Масквы мы з'язджалі ўвечары) маглі прыехаць у беларускую амбасаду – там іх размяшчалі ў нумары і забяспечвалі харчаваннем…»

«Пры жаданні можна было не выдаткаваць увогуле ні капейкі. Калі я збіралася ў Беларусь, дык спытала ў калегаў з рэдакцыі, якія былі ў такім прэс-туры да мяне: «Колькі грошай браць, каб адчуваць сябе камфортна?» І мне адказалі: «Наогул можна не браць ні капейкі». Калі яны прыехалі ў Беларусь і абмянялі расейскія рублі на беларускія, дык у канцы паездкі ім прыйшлося ўсё мяняць назад. Нідзе ў Беларусі мы ні за што не плацілі – ні за праезд, ні за пражыванне…»

«Мы спыняліся ў гатэлі «Планета». Калі ехалі, дык сумняваліся наконт жылля, але на месцы ўсіх рассялілі па адным чалавеку. Нумары, праўда, былі не ва ўсіх аднамесныя, я, напрыклад, жыла ў двухмесным нумары, але жыла там адна. Нумар быў добры, з усімі выгодамі…»

«На прадпрыемствах, само сабой, [дарылі] альбомы пра вытворчасць, яшчэ нейкую друкаваную прадукцыю. На кандытарскай фабрыцы – салодкія падарункі, цукеркі. Пасля сустрэчы з мэрам Менска – фотаальбомы… Пасля сустрэчы з Лукашэнкам – асобны набор падарункаў, у якім была і гарэлка ад прэзідэнта ў падарункавай упакоўцы. Яшчэ падарылі ляльку, нейкія іншыя сувеніры… У выніку, калі мы з'язджалі, гэта ўсё было вельмі цяжка везці, а кідаць было шкада…»

Воблікава таксама распавяла, што напярэдадні паездкі калегі папярэджвалі яе, што прэс-туры ў Беларусь згубна адбіваюцца на фігуры. І сапраўды сталы гнуліся ад страваў, пачынаючы з дранікаў і сканчаючы ікрой.

Увогуле, прадстаўнікоў расейскіх СМІ прымалі ў Беларусі па сістэме «Super All Inclusive». Як можна ахарактарызаваць такога кшталту рэчы? Захапляючыся гасціннасцю беларускіх уладаў, Воблікава сама прагаварыцца: «Падобны падыход, вядома, падкупляў…»

Сапраўды, па сутнасці гаворка ідзе пра подкуп журналістаў з суседняй краіны, якіх запрашаюць у Беларусь, кормяць-пояць да адвалу, возяць па лепшых прадпрыемствах краіны, а ў фінале сам кіраўнік дзяржавы дае шматгадзінную канферэнцыю для іх. Пасля гэтага абсалютная большасць удзельнікаў прэс-тура, вярнуўшыся дахаты, страчыць захопленыя артыкулы пра Аляксандра Лукашэнку. Вось толькі чаму гэты «банкет» аплачваецца з кішэняў беларускіх падаткаплацельшчыкаў?!

Апошнія навіны