Някляеў пра прысуд актывісту яго руху
- 20.10.2010, 17:37
20 кастрычніка Уладзімір Някляеў і вызвалены напярэдадні Міхаіл Башура з адвакатам Тамарай Сідарэнка сустрэліся з журналістамі.
Падараваўшы адвакату кветкі, Уладзімір Някляеў павіншаваў Міхаіла Башуру з вызваленнем бутэлькай «Савецкага шампанскага», перадае «Беларускі партызан».
«Кажуць, апазіцыя ў нас нікуды не вартая: 20 гадоў тузаецца, тузаецца, але пакуль з гэтага нічога не атрымліваецца. Калі я гэта чую - пытаю: калі гэта так, чаму так апазіцыю душаць, чаму рэжым так з ёй змагаецца, чаму столькі страху, рэальнага страху перад ёй? Я думаю, апазіцыя робіць усё, на што сёння здольная, і ў рэшце рэшт апошняе слова ў гэтай няроўнай пакуль што барацьбе з рэжымам, які сёння пануе ў Беларусі, будзе за ёй. Як доказ таму - наша сённяшняе свята, - падкрэсліў Уладзімір Някляеў. - Не было дня, каб мы не займаліся справай актывіста кампаніі «Гавары праўду» Міхася Башуры. Я хачу вітаць яго, перш за ўсё, дома, на волі, хачу сказаць яму, што ён - малайчына, што трымаўся ён, як і належыць трымацца сапраўднаму мужыку. Усё гэта выглядала годна... Я сардэчна цябе вітаю і, акрамя кветак, якія з'яўляюцца не мужчынскім падарункам, прынёс табе «Савецкае шампанскае». Метафара тут вельмі простая: лепш усё ж такі піць «Савецкае шампанскае», чым судзіцца ў Савецкім судзе».
Менавіта ў судзе Савецкага раёна Менска 19 кастрычніка завяршыўся васьмідзённы працэс па крымінальнай справе Міхаіла Башуры, паводле прысуду якога актывіст кампаніі «Гавары праўду» павінен выплаціць 17 з паловай мільёнаў рублёў штрафу.
- Ніякага дачынення да даведкі арышт Міхася Башуры не мае. Па такіх жа даведках, як у Міхася Башуры, можна было пасадзіць калі не палову, то каля таго, якія бралі ў нашых банках крэдыт. Арышт Міхася Башуры мае прамое дачыненне да палітыкі, да яго ўдзелу ў кампаніі «Гавары праўду», да таго, што ён быў каардынатарам кампаніі па горадзе Менску. За ім, як практычна і за ўсімі (не скажу, што за ўсімі радавымі сябрамі нашай кампаніі) ідзе штодзённае паляванне, але за тымі, хто займае ў нашай кампаніі нейкія вузлавыя пазіцыі, ідзе штодзённае паляванне. І яно вялося за Міхасём Башурам ад пачатку ажно да затрымання, - падкрэсліў Уладзімір Някляеў.
М. Башура заявіў, што будзе абскарджваць прысуд суда Савецкага раёна.
«Я незадаволены прысудам суда. Мы прасілі, каб мяне цалкам апраўдалі. Прысуд мы будзем абскарджваць. І справа тут нават не ў штрафе. Самае абразлівае ў тым, што ў прысудзе пішуць, што даказалі намер на падробку даведкі, што я атрымаў пэўныя выгады», - заявіў вызвалены актывіст.
М. Башура заявіў, што ў працэсе следства шукалі грошы кампаніі «Гавары праўду». «Дома падчас ператрусаў шукалі грошы. Да мяне ў ізалятар прыязджаў следчы, які вядзе крымінальную справу, узбуджаную па 18 траўня. Яны лічаць, што ўсё ведаюць пра мяне. Казаў: ведае, колькі грошай я атрымліваю ў кампаніі «Гавары праўду» і называў нейкія астранамічныя сумы. Толькі не могуць зразумець: адкуль грошы? Я сумленна адказваў: не ведаю», - адзначыў М. Башура.
Адвакат Тамара Сідарэнка падкрэсліла, што «дазнанне вялося неахайна». Ды і справа ў цэлым «вялася не зусім у межах закона». Таму ў бліжэйшыя 10 дзён Міхаіл Башура з адвакатам пададуць касацыйную скаргу на прысуд.