Літва адмовілася будаваць АЭС разам з Беларуссю
- 21.10.2010, 9:27
Прэзідэнт Літвы скептычна ацаніла прапанову Лукашэнкі аб сумесным будаўніцтве новай АЭС у Беларусі.
«Пазіцыя прэзідэнта заключаецца ў тым, што ў буйной АЭС няма перспектываў», - сказаў прэс-сакратар кіраўніка Літвы Лінас Бальсіс агенцтву BNS, перадае «Інтэрфакс-Захад».
Ён таксама адзначыў, што пра будаўніцтва АЭС на сустрэчы двух прэзідэнтаў у Менску «пра гэта гаварылася толькі з боку Аляксандра Лукашэнкі».
«Прэзідэнт Літвы прытрымліваецца думкі пра тое, што ў гэтым рэгіёне, у сувязі з патрэбай ў электраэнергіі, якая расце, маглі б дзейнічаць некалькі больш дробных электрастанцыяў, аднак няма патрэбы ў якой-небудзь аб'яднанай рэгіянальнай АЭС», - сказаў прэс-сакратар.
Раней у сераду на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Менску па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Грыбаўскайтэ кіраўнік Беларусі заявіў, што прапанаваў Літве разам заняцца будаўніцтвам атамнай электрастанцыі, і паабяцаў задаволіць запатрабаванні Літвы ў транзіце электраэнергіі праз Беларусь пры яе імпарце з Украіны.