За Андрэя Саннікава сабрана 110 тысяч подпісаў
- 21.10.2010, 15:10
Лідар «Еўрапейскай Беларусі» сабраў неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
Як паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, «ужо сабрана больш за 100 тысяч подпісаў, збор працягнецца, хоць акцэнт мы робім на якасць».
Гэтую інфармацыю сайту charter97.org пракаментаваў кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец.
«На раніцу 21 кастрычніка па краіне, паводле дадзеных рэгіянальных штабоў, за Андрэя Саннікава сабрана больш за 110 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Працягваецца штодзённая перадача правераных падпісных лістоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Палову сабраных подпісаў мы ўжо здалі ў выбаркамы. Размеркаванне колькасці подпісаў паміж Менскам і рэгіёнамі прыкладна аднолькавае. Акрамя абыходу кватэр, цяпер працягваецца збор подпісаў на пікетах. Пераканаўчая просьба, хто хоча падпісацца, не спадзявацца на іншых, а прыйсці і паставіць подпіс. Збор будзе працягвацца да 29 кастрычніка.
Чым больш подпісаў мы збярэм, тым складаней будзе ўладам нам перашкодзіць. Саннікаў - наш прэзідэнт», - заявіў Уладзімір Кобец.