На парозе новых стасункаў
- Андрэй Саннікаў, «Народная воля»
- 22.10.2010, 13:03
Лядашчая эканамічная мадэль Лукашэнкі не толькі не дазваляе весці нармальны бізнэс у Беларусі, але і перашкаджае рэгіянальнаму супрацоўніцтву.
На мінулым тыдні ў Маскве прайшоў цікавы «круглы стол». Арганізаваў яго Інстытут актуальных міжнародных праблемаў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расеі. Запрашэнне прыняць удзел у абмеркаванні тэмы «Расея—Беларусь: перспектывы двухбаковых стасункаў» было для мяне крыху нечаканым. Па складзе ўдзельнікаў гэты «круглы стол» хутчэй быў арыентаваны на афіцыйныя беларускія ўлады. Прадстаўленыя былі інстытуты і структуры, якія шмат гадоў падтрымлівалі Лукашэнку і лічылі яго адзіным партнёрам Расеі ў Беларусі.
Напярэдадні «круглага стала» кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін правёў брыфінг для беларускіх журналістаў. На брыфінгу прысутнічала і Наталля Радзіна, журналістка папулярнага беларускага інфармацыйнага сайта charter97.org.
Запрашэнне на прэс-канферэнцыю ў Крэмль — падзея для любога беларускага журналіста. Але для Наталлі Радзінай яно стала падвойнай падзеяй. Наташа ўдзельнічала ў шмат якіх прэс-канферэнцыях у сусветных сталіцах і брала інтэрв'ю ў сусветных палітычных лідэраў, у тым ліку ў Сопаце ва Уладзіміра Пуціна, але ў Маскву яна прыехала ў першы раз.
Апошнія 16 гадоў расейская палітычная эліта амаль не мела зносінаў з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і незалежнымі журналістамі, успрымала Лукашэнку як адзінага гаранта «братэрскіх» стасункаў. Кожнае слова Лукашэнкі пра непарушнае сяброўства прыносіла яму мільярды даляраў, забраных з кішэняў расейскіх падаткаплацельшчыкаў. Схема працавала безадмоўна, але Расея за славеснай шырмай дыктатара, выглядае, перастала бачыць працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, і чула толькі прапагандыстаў, якія абслугоўваюць таталітарны рэжым. У Маскве і Менску праводзіліся канферэнцыі і семінары пад «дахам» «саюзнай дзяржавы», на якіх удзельнікі з абодвух бакоў малявалі радасную карціну беспраблемных стасункаў.
Зараз усё стала змяняцца. У выказваннях кіраўніцтва Расеі, вядучых аналітыкаў, грамадскіх дзеячаў усё часцей гучаць думкі пра неабходнасць перагляду стасункаў з Беларуссю. Нават такія энергічныя абаронцы дыктатара Лукашэнкі, як Канстанцін Затулін і Сяргей Маркаў, сталі па-іншаму ацэньваць сітуацыю ў Беларусі.
На «круглым стале» ў Дыпакадэміі ўдзельнікі падзяліліся на дзве групы: частка адстойвала старыя падыходы і спрабавала знайсці штосьці добрае ў паводзінах Лукашэнкі, большасць жа спрабавала зразумець, як можна нармалізаваць стасункі паміж дзвюма дзяржавамі. Паказальна, што «саюзную дзяржаву» расейскія ўдзельнікі рэзка раскрытыкавалі як мадэль, якая не працуе.
Пры ўсёй рознасці поглядаў на беларуска-расейскія стасункі шмат якія ўдзельнікі дыскусіі сыходзіліся ў тым, што сістэмы дзяржаўнага ўладкавання Расеі і Беларусі разыходзяцца ўсё далей, павялічваецца разрыў паміж эканамічнымі мадэлямі дзвюх дзяржаваў. Іншага і быць не магло. Лукашэнка выкарыстоўваў расейскія датацыі не для рэфармавання эканомікі, а для таго, каб усё больш падпарадкаваць яе дзяржаўнаму кантролю і ціску. У Расеі нарэшце сталі разумець, што лядашчая эканамічная мадэль Лукашэнкі не толькі не дазваляе весці нармальны бізнэс у Беларусі, але і перашкаджае рэгіянальнаму супрацоўніцтву. Выгоднае транзітнае становішча Беларусі пераўтварылася ў затычку на шляху гандлёва-эканамічных сувязяў рэгіёна.
Слова «мадэрнізацыя», якое з'явілася ў лексіконе кіраўніцтва Расеі, не ўсім зразумела і, як паказала дыскусія, не ўсімі прымаецца. Але менавіта яно, як уяўляецца, можа стаць ключом да новых стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй. На двары новае тысячагоддзе, інфармацыйныя тэхналогіі перакроілі свет і ўяўленне пра свет. Сучасныя выклікі не маюць нічога агульнага з колькасцю танкаў па перыметры межаў дзяржавы.
Неабходна зрабіць невялікае намаганне і зразумець, што краінам Еўразвяза, Расеі і Беларусі неабходна выходзіць на новую стратэгію стасункаў, якая адпавядае выклікам ХХI стагоддзя. У межах гэтай стратэгіі Расеі патрэбная Беларусь, інтэграваная ў Еўропу, што ўзмоцніць яе пазіцыі ў ЕЗ і паскорыць працэсы стварэння новай сучаснай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі.
Сярод удзельнікаў «круглага стала» былі і мае настаўнікі па Дыпакадэміі, у якой я калісьці вучыўся, у прыватнасці, Барыс Шмялёў, кіраўнік Цэнтра палітычных даследаванняў інстытута эканомікі РАН, і мае апаненты на перамовах па раззбраенні і бяспецы, напрыклад, генерал Леанід Івашоў, прэзідэнт Акадэміі геапалітычных праблемаў. Настаўнікам удзячны за тое, што вучылі набываць сяброў, а не ворагаў. Апаненты былі моцныя і дасведчаныя, якія прызвычаіліся да баталіяў з амерыканцамі і хваравіта што ўспрымалі настойлівасць незалежных дзяржаваў у адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. І ўсё ж мы знаходзілі рашэнні і перакладалі іх на мову дамоваў, якія дзейнічаюць і выконваюцца дагэтуль.
Нечакана перспектыўнасць новых падыходаў пацвердзілася літаральна праз некалькі дзён. На сустрэчы кіраўнікоў Расеі, Германіі і Францыі ў Давіле прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі заявіў, што стварэнне адзінай эканамічнай прасторы ЕЗ і Расеі з бязвізавым рэжымам — гэта справа недалёкай будучыні, а прадстаўнікі ЕЗ абвясцілі, што ўжо 22 лістапада Украіне можа быць прапанаваны план пераходу на такі рэжым з Еўразвязам. Мы ўжо павінны ўдзельнічаць у гэтых перамовах, але гэта можа адбыцца толькі пасля змены ўлады ў нашай краіне.
Андрэй Саннікаў, палітычны аглядальнік, «Народная воля»