«КП у Малдове»: Фанаты БАТЭ біліся за палітыку (Фота)
- 22.10.2010, 15:17
Малдаўскія СМІ пішуць пра сутыкненні балельшчыкаў падчас матчу БАТЭ-«Шэрыф».
Чарговы матч групавога раўнда Лігі Еўропы, які прайшоў у Тыраспалі, асаблівага ажыятажу не выклікаў. Шыльда «Шэрыф» - БАТЭ аказалася не самай прывабнай для балельшчыкаў, хаця матч і павінен быў даказаць, што прэтэнзіі тыраспальцаў на выхад у плэй-оф не з'яўляюцца беспадстаўнымі, піша «Камсамольская праўда ў Малдове».
Але спачатку быў халодны душ. Ужо на 8-й хвіліне Сяргей Сасноўскі пасля падачы з вуглавога вывеў беларусаў наперад. Некалькімі хвілінамі раней Дз’еду загубіў шыкоўны момант, калі выскачыў адзін на адзін з галкіперам беларусаў, але прабіў вышэй за вароты.
Тут жа фаны БАТЭ (каля 300 чалавек), якія сядзелі за варотамі «Шэрыфа», сталі скакаць пераможны танец і запалілі фаер. Гэта не спадабалася мясцоваму АМАПу, які тут жа прыняўся за справу і пачаў гасіць страсці. У рэшце рэшт, гэта ўдалося пажарнікам, якія збілі градус напружанасці вогнетушыцелямі, накіраваўшы іх у фанацкі натоўп. Некалькіх асабліва заўзятых фанаў міліцыя вывела са стадыёна.
У перапынку газета паразмаўляла з беларускімі балельшчыкамі.
- Некалькіх нашых міліцыянты ўжо «прынялі», - распавёў адзін з фанаў гасцей, які прадставіўся Андрэем. - Разумееце, мы - апазіцыя. - Тут Андрэй паказаў бел-чырвона-белы сцяг. - Гэта старажытны сцяг Беларусі. А вось дзяржаўнікі, - тут ён кіўнуў у бок балельшчыкаў, якія размахваюць чырвона-зялёным флагам. - Гэта прадстаўнікі цяперашняй улады. У нас з імі вайна ідзе. Мы разгарнулі свой сцяг, а яны распачалі з намі сутычку. І вашыя міліцыянты апынуліся на іх баку, забралі толькі нашых. Усё зразумела, палітыкі, у нас у снежні выбары...
У другім тайме тыраспальцы працягвалі насядаць на барысаўчан, але безвынікова. Мяч ніяк не ішоў у вароты. Гульня так і скончылася з мінімальнай паразай «Шэрыфа» - 0:1.
А пятнаццаці фанам БАТЭ прыйшлося пераночыць у Тыраспальскім аддзяленні міліцыі. Семярым з іх выпісалі ордар на трохдзённы арышт за дробнае хуліганства, астатніх аштрафавалі на сто прыднястроўскіх рублёў (каля 10 даляраў) кожнага.
Андрэй паказаў бел-чырвона-белы сцяг. - Гэта старажытны сцяг Беларусі.