Падрыхтаваны законапраект аб адказнасці за парушэнне Указа №60
- 25.10.2010, 13:36
За парушэнне палажэнняў Указа №60 плануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць.
Пра гэта паведаміў 25 кастрычніка начальнік сектара Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі Сяргей Краўцоў.
«Такі законапраект распрацаваны і ўнесены ва ўрад для наступнага ўнясення ў Палату прадстаўнікоў», перадае словы Краўцова агенцтва «Інтэрфакс-Захад».
Указ №60 прадугледжвае забарону на выкарыстанне суб'ектамі гаспадарання Беларусі інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў, размешчаных за мяжой, пры аказанні паслуг беларускім грамадзянам. Указам уведзеныя і іншыя абмежаванні, якія значна ўскладнілі жыццё беларускім інтэрнэтчыкам, нагадвае Electroname.com.
Да апошняга часу большасць беларусаў ігнаравала патрабаванні новага заканадаўства, не ў апошнюю чаргу і з-за таго, што не была прадугледжана адказнасць за парушэнні. З прыняццем новага законапраекта могуць быць пакараныя дзесяткі тысяч беларусаў, якія працуюць у Сеціве.