BE RU EN

Гары Паганяйла: ЦВК перавышае паўнамоцтвы

  • 26.10.2010, 16:40

Суд Маскоўскага раёна Менска разгледзеў пазоў вядомага юрыста, старшыні юрыдычнага аддзела Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.

Падставай для звароту паслужыла пастанова Цэнтрвыбаркама ад 15 верасня 2010 г. №49, што абмяжоўвае парадак накіравання ў выбарчыя камісіі назіральнікаў ад партый і грамадскіх арганізацый. Суд палічыў, што Цэнтрвыбаркаму дазволена выдаваць нарматыўныя дакументы, праваабаронца знаходзіць гэта права супярэчным беларускім законам, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Так, калі на папярэдніх выбарах партыі і аб'яднанні мелі права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе выбарчыя камісіі, то, паводле ўказанай пастановы, - толькі ў ЦВК. Назіральнікі ў ніжэйстаячыя камісіі з гэтага часу павінны накіроўвацца толькі ад ніжэйшых структураў гэтых партый і аб'яднанняў адпаведнага ўзроўню: у абласныя - ад абласных, у раённыя - ад раённых... Аднак у многіх выпадках гэта проста немагчыма з-за адсутнасці ў партый і грамадскіх аб'яднанняў рэгістрацыі структураў першаснага ўзроўню. У сваю чаргу, часцяком такой рэгістрацыі няма толькі таму, што ўлады без тлумачэння прычынаў адмаўляюць партыям і рухам у яе атрыманні.

На думку Гары Паганяйла, прыняўшы шэраг абмежавальных мераў для накіравання назіральнікаў у камісіі, улады такім чынам «адсякаюць магчымасць стварыць эфектыўнае назіранне за ходам выбараў».

«Улады не хочуць шырокага маніторынгу і, мабыць, імкнуцца абмежаваць назіранне - і партыйнае, і праваабарончае, - заявіў Гары Пятровіч. - Па ўсёй верагоднасці, гэта абумоўлена нежаданнем уладаў апынуцца аб'ектам сур'ёзнай крытыкі з-за наяўных парушэнняў». Такім чынам, адбываецца рэгламентацыя працы назіральнікаў не Выбарчым кодэксам, а непасрэдна рашэннем ЦВК, што з'яўляецца незаконным і неправамоцным.

«Артыкул 33 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь не гаворыць пра тое, што Цэнтральная камісія валодае паўнамоцтвамі заканадаўчага органа. У пункце 3 гэтага артыкула маецца дакладнае ўказанне выключна на права тлумачэнняў наяўных нарматыўных актаў», - падкрэслівае Гары Паганяйла. Паводле яго словаў, у іншых дзеючых у Беларусі заканадаўчых актах таксама няма ўказанняў на тое, што ЦВК надзелены правам выдаваць нарматыўныя дакументы. Такія правы па законе маюцца ў прэзідэнта, парламента, некаторых іншых органаў улады. «Аднак пастанова ЦВК №49 ад 15 верасня носіць характар менавіта нарматыўнага акту, на выданне якіх Цэнтральная камісія не ўпаўнаважаная», - заключае ён.

Факт перавышэння паўнамоцтваў Цэнтральнай выбарчай камісіяй вядомы юрыст паспрабаваў аспрэчыць у судовым парадку, звярнуўшыся ў суд Маскоўскага раёна Менска. Аднак суддзя Юрый Шастакоў (намеснік старшыні дадзенага суда) вынес рашэнне пра тое, што дзеянні Цэнтрвыбаркама... законныя. «Па сутнасці, нас проста пазбаўляюць правасуддзя і развязваюць рукі Цэнтральнай камісіі, якая прымяняе закон так, як ёй зручна», - каментуе рашэнне суда праваабаронца, які плануе напісаць прыватную скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі. Аднак прагноз вядомага юрыста маласуцяшальны: вышэйстаячы суд, хутчэй за ўсё, пакіне ў сіле рашэнне ніжэйстаячага. «Усе суды будуць пакрываць суд першай інстанцыі, таму што працуюць на адну мэту - абранне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на чарговы прэзідэнцкі тэрмін». Тым не менш, хоць надзеі на справядлівае і законнае рашэнне няма, Гары Паганяйла лічыць неабходным «выкарыстаць прававыя сродкі, каб задакументаваць наяўныя парушэнні закона». Калі сітуацыя не зменіцца, то ў далейшым, паводле яго словаў, праваабаронцы будуць вымушаныя паставіць пытанне пра непрызнанне вынікаў выбараў з прычыны «відавочных і сістэмных парушэнняў».

«Мы разумеем, у якой сістэме каардынатаў жывём. Па фактах парушэнняў можна апеляваць да Цэнтральнай выбарчай камісіі, але пры гэтым Цэнтральная камісія сама з'яўляецца крыніцай парушэнняў», - са шкадаваннем падводзіць рысу Гары Пятровіч.

Апошнія навіны