Місія СНД адкрывае філіялы ў абласцях Беларусі
- 27.10.2010, 12:58
Назіральнікі СНД атрымліваюць акрэдытацыю, а доўгатэрміновая місія БДІПЧ АБСЕ прыбудзе ў Менск у пачатку лістапада.
Сёння ў Гарадзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях адкрываюцца аддзяленні штаба місіі назіральнікаў ад СНД за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта «Радыё Свабода» паведамілі ў штабе місіі. Таксама вядома, што такія ж структуры ўжо распачалі працу ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях.
На сённяшні дзень у складзе місіі акрэдытаваныя 38 чалавек. Усяго ж доўгатэрміновых назіральнікаў будзе каля 45. Яны прадстаўляюць краіны Садружнасці, Парламенцкі сход «саюза» Беларусі і Расеі, а таксама супрацоўнікаў дыпламатычных місіяў краінаў СНД.
Доўгатэрміновыя назіральнікі наведаюць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, сустрэнуцца ў з прадстаўнікамі ініцыятыўных групаў, іншымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу.
Доўгатэрміновая місія назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ прыбудзе ў Менск у пачатку лістапада, паведаміў «Інтэрфакс-Захад» кіраўнік Офіса АБСЕ Бенедыкт Халер.
«У Менск павінны прыбыць 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і да 400 кароткатэрміновых. Доўгатэрміновых назіральнікаў мы чакаем у першым тыдні лістапада», - удакладніў Б. Халер.
Беларусь запрасіла БДІПЧ АБСЕ правесці назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі. Акрамя таго, назіраць за выбарамі будзе місія экспертаў з СНД і незалежныя назіральнікі.