Украіну зноў папракнулі прапампоўкай нафты для Лукашэнкі
- 29.10.2010, 9:30
У пытанні прапампоўкі венесуэльскай нафты неабходна памятаць пра інтарэсы Расеі, лічыць дыпламат.
Як заявіў 28 кастрычніка дарадца амбасады РФ ва Украіне Аляксей Урын падчас паседжання медыяклуба ў Інстытуце сусветнай палітыкі (ІСП) у Кіеве, пытанне прапампоўкі венесуэльскай нафты - суверэннае права Украіны, аднак неабходна пры гэтым памятаць пра інтарэсы Расеі, перадае БелаПАН.
«Калі ёсць дамоўленасці паміж Украінай і Беларуссю ці Украінай, Венесуэлай і Беларуссю аб прапампоўцы, дык, калі ласка, няма праблемаў. Адзінае, пра што трэба памятаць, што пры арганізацыі такіх сур'ёзных рэчаў трэба ўлічваць інтарэсы трэцяга боку - у дадзеным выпадку, Расейскай Федэрацыі», - сказаў дыпламат.
Па словах Урына, у выпадку магчымай прапампоўкі венесуэльскай нафты будзе ісці гаворка «пра задзейнічанне нафтаправода «Дружба», нафтаправода Адэса - Броды, дзе цяпер працуе расейска-брытанская кампанія». «Ёсць шэраг камерцыйных, тэхналагічных пытанняў, якія трэба вырашаць, і больш нічога. Ніхто не ставіць ніякіх палітычных перашкодаў ці умоваў, але ёсць аб'ектыўная рэальнасць», - падкрэсліў дыпламат.