Кіраўнікі МЗС Польшчы і Германіі прыедуць з «еўрапейскім пасланнем»
- 29.10.2010, 13:44
2 лістапада Беларусь наведаюць міністры замежных справаў ФРГ і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаслаў Сікорскі.
Візіт міністраў дзвюх краінаў - чальцоў ЕЗ праходзіць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на польскі МЗС.
«Абодва міністра хочуць выказаць у сувязі з гэтымі выбарамі беларускаму боку дакладнае еўрапейскае пасланне», - кажацца ў паведамленні.
Падчас візіту чакаецца сустрэча Гіда Вестэрвеле і Радаслава Сікорскага з іх беларускім калегам Сяргеем Мартынавым і Аляксандрам Лукашэнкам.
Апроч афіцыйных сустрэчаў кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Германіі і Польшчы маюць намер сустрэцца ў Менску з некаторымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта Беларусі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.