BE RU EN

Кіраўнік Берасцейскага аблвыканкама прызнаўся ў фальсіфікацыі выбараў

  • 4.10.2010, 9:35

Чыноўнік заявіў, што прыйшлося нібыта на 16 тысячаў зменшыць колькасць тых, хто прагаласаваў за беларускага дыктатара.

Падчас прэс-канферэнцыі старшыні Берасцейскага аблвыканкама Канстанціна Сумара для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ, якая прайшла 30 верасня, кіраўнік рэгіёна нечакана ўзгадаў пра папярэднюю прэзідэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі і зрабіў сенсацыйную заяву, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Адказваючы на пытанне пра меры ўладаў падчас кампаніі па выбарах Прэзідэнта РБ, якая распачалася ў Беларусі, Канстанцін Сумар заявіў, што настойваў на тым, каб гэтая кампанія прайшла максімальна дэмакратычна.

Для чаго былі ўнесеныя змены ў рашэнне Берасцейскага гарвыканкама, якое тычыцца месцаў для пікетавання, дзе забаронены збор подпісаў на карысць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты РБ.

Аднак пасля гэтага старшыня аблвыканкама раптам узгадаў прэзідэнцкія выбары 2006-га года і сказаў, што тады Аляксандра Лукашэнку на Берасцейшчыне падтрымала так шмат людзей, «што нам прыйшлося на 16 тысячаў зменшыць колькасць тых, хто за яго прагаласаваў».

Фактычна старшыня аблвыканкама прызнаў, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў у 2006-м годзе ў берасцейскім рэгіёне былі сфальсіфікаваныя. Раней на гэтую тэму выказваўся выключна сам дыктатар на сустрэчах з журналістамі.

Апошнія навіны