«Палатачнікі» абвінавацілі прэзідэнта Расеі ў «шавінізме»
- 4.10.2010, 12:47
Беларускія «дэпутаты» лічаць, што Расеі і яе кіраўніцтву неабходна пазбавіцца ад імперскага мыслення.
«З Расеяй ніхто не збіраецца цягацца. Проста паважайце незалежнасць і меркаванне кожнай асобнай дзяржавы», - заявіў журналістам беларускі «дэпутат», старшыня камісіі па інфармацыйнай палітыцы Парламенцкага сходу «саюза» Беларусі і Расеі Генадзь Давыдзька, каментуючы выказванні прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева аб Беларусі і яе кіраўніку, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
Беларускі «палатачнік» сказаў, што «гістарычна склалася, што Расейская імперыя заўсёды думала глабальна, каб як мага больш захапіць тэрыторый, збіраць даніну і гэтак далей». «Гэты вялікадзяржаўны шавінізм прысутнічае і сёння, яны (у Расеі - ІФ) не могуць прызнаць, што Беларусь - гэта самастойная, незалежная дзяржава», - сказаў Давыдзька.
«Наш прэзідэнт - чалавек прынцыповы, паслядоўны і крыўды, абразы не даруе. Калі абражаюць прэзідэнта - абражаюць наш народ», - заявіў «дэпутат».
Паводле яго словаў, «сітуацыя апошнія тры месяцы выклікае адчуванне горычы, нейкай трывогі». «Калі сварацца ў сям'і, сям'я на мяжы распаду - гэта заўсёды вельмі горка, і тут, напэўна, патрэбен нехта трэці, які мог бы паразмаўляць і з адным бокам, і з другім», - адзначыў Давыдзька.
Ён заявіў, што «калі кажуць пра ролю нахлебніка - гэта заўсёды вельмі крыўдна». «Самае галоўнае, што многія расейцы так лічаць, але не таму што такое ёсць насамрэч, а таму што іх прымушаюць так думаць праз сродкі масавай інфармацыі», - сказаў кіраўнік камісіі Парламенцкага сходу.
На просьбу пракаментаваць выказванні расейскага прэзідэнта віцэ-спікер «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Віктар Гумінскі сказаў: «Мядзведзева пакуль не слухаў і не чытаў. Спачатку трэба разабрацца, а потым ужо каментаваць».
«А што тычыцца нашага прэзідэнта, то ён сказаў прама, адкрыта, сумленна, нічога не хаваючы. Мабыць, прыйшоў час назваць рэчы сваімі імёнамі», - адзначыў віцэ-спікер ніжняй палаты «парламента» Беларусі.