Пракурорская праверка абставінаў гібелі Алега Бябеніна падоўжаная да 3 лістапада
- 5.10.2010, 12:33
У пракуратуры паведамілі, што ў цяперашні час выкананая толькі частка прызначанай комплекснай экспертызы.
Як паведаміла БелаПАН старэйшы памочнік пракурора вобласці Таццяна Калініна, пракурор Менскай вобласці Аляксандр Архіпаў падоўжыў да 3 лістапада тэрмін правядзення праверкі па факце гібелі журналіста Алега Бябеніна.
Паводле яе словаў, чакаецца, што ў хуткім часе да расследавання прычынаў гібелі Алега Бябеніна падключацца эксперты-крыміналісты АБСЕ.
Па звестках БелаПАН, гэта будуць патолагаанатам і крыміналіст з Нарвегіі і Швецыі. Іх прыезд чакаецца 25—26 кастрычніка.
Заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце надыходу смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Алег Бябенін быў асноўным чальцом каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.