Стасункі з Беларуссю абмяркуюць кіраўнікі МЗС Літвы і Германіі
- 1.11.2010, 9:11
Пытанне пра стасункі з Беларуссю уключанае ў парадак дня сустрэчы міністраў замежных справаў Літвы і Германіі Аўдранюса Ажубаліса і Гіда Вестэрвеле.
Сустрэча адбудзецца 2 лістапада ў Вільні ў межах працоўнага візіту Вестэрвеле, паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.
Ажубаліс і Вестэрвеле таксама плануюць абмеркаваць пытанні энергетычнай бяспекі, стасункі паміж Літвой і Германіяй і стасункі з Расеяй, а таксама найбольш актуальныя пытанні парадку дня НАТА, перадае БелаПАН.
Вестэрвеле плануе сустрэцца з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ.
Нагадаем, што на 2 лістапада таксама запланаваны сумесны візіт Вестэрвеле і яго польскага калегі Радаслава Сікорскага ў Беларусь. У паведамленні літоўскага МЗС не ўдакладняецца, наведае Вестэрвеле Літву да ці пасля паездкі ў Менск.