Казахстан, як і Расея, супраць уніфікацыі пошлін на нафту
- 1.11.2010, 13:56
Краіны-ўдзельніцы Мытнага саюза абмяркоўваюць магчымасць уніфікацыі экспартных мытных пошлін (ЭТП) на нафту.
Пры гэтым Беларусь выступае за ўвядзенне адзіных для трох краінаў ставак, Расея і Казахстан - супраць, паведаміў у панядзелак намеснік старшыні камітэта мытнага кантролю міністэрства фінансаў Казахстана Ігар Тэн.
«Цяпер як раз перамовы з гэтай нагоды ідуць, па вывазных пошлінах, ёсць розныя меркаванні ва ўсіх трох краінаў - нам больш блізкая расейская пазыцыя», - сказаў Тэн на пасяджэнні круглага стала «Мытны саюз: ад тэорыі да практыкі» ў Астане, паведамляе агенцтва «Навіны-Казахстан».
Ён растлумачыў, што беларускі бок прапаноўвае ўніфікаваць стаўкі вывазных мытных пошлін, а потым размяркоўваць іх у адпаведнасці з формулай, якую агавораць ў адпаведным пагадненні, па аналогіі з тым, як цяпер размяркоўваюцца ўвазныя мытныя пошліны на тавары з трэціх краінаў.
«Казахстан і Расейская Федэрацыя катэгарычна супраць уніфікацыі, супраць такога вось падыходу, цяпер агаворваюцца іншыя механізмы», - працягнуў намеснік старшыні КМК (Камітэта мытнага кантролю).
Паводле яго словаў, адзін з такіх механізмаў - збіранне ЭТП на расейскую нафту, якая вывозіцца ў трэція краіны праз Казахстан, па расейскіх стаўках на знешняй мяжы рэспублікі. Пры гэтым спагнаныя ў выглядзе ЭТП казахстанскімі мытнікамі па расейскіх стаўках сродкі будуць у поўным аб'ёме вяртацца Расеі.
«Тут механізм ўжо будзе прадумвацца: альбо ў Казахстане на нейкі выдзелены рахунак (сродкі будуць пералічвацца), альбо адразу на рахунак, выдзелены Расейскай Федэрацыяй, і толькі пасля гэтага будзе заключацца мытнае афармленне і экспарт», - растлумачыў Тэн. Мяркуецца, што аналагічным чынам па казахстанскіх стаўках будзе абкладацца казахстанская нафта, якая паступае ў трэція краіны транзітам праз Расею ці Беларусь.
«Гэта значыць кожны застанецца пры сваіх пошлінах», - падвёў высновы прадстаўнік казахстанскай мытні.
Яго падтрымаў старшыня падатковага камітэта Мінфіна Даўлет Яргожын, які заявіў, што «ў абсалютным выразе пошліны параўнаць немагчыма будзе».
«Зраўняць не атрымаецца ў любым выпадку, у нас эканоміка, сам падыход да фарміравання падатковай базы адрозны, да прыкладу, калі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ўвесь падатковы складнік ляжыць там (у ЭТП), то ў нас частка падатковага складніка перакінутая ў падатак на здабычу карысных выкапняў. І калі ўсё гэта зараз раўняць, усё перарабляць прыйдзецца», - адзначыў ён.