BE RU EN

У новы альбом «Нейра Дзюбеля» ўвойдзе песня памяці журналіста Алега Бябеніна

  • 10.11.2010, 8:59

Рок-гурт «Нейра Дзюбель» выпускае новы альбом — «Афтары праўды».

Канцэртная прэзентацыя адбудзецца 11 лістапада ў сталічным клубе «Рэактар», паведамляе БелаПАН.

У новы альбом увойдуць 15 трэкаў, дзве бонусныя кампазіцыі, два кліпы, тэксты ўсіх песняў з акордамі, а таксама фатаграфіі гурта апошніх гадоў. У дыск увайшла і кампазіцыя «Нельга» памяці журналіста, заснавальніка сайта charter97.org Алега Бябеніна.

«Мне проста вельмі спадабалася гэтае словазлучэнне», — так лідэр гурта Аляксандр Кулінковіч патлумачыў назву новага дыска. Спачатку было вырашана, што альбом будзе звацца «Аўтары праўды», але потым высветлілася, што «альбом вельмі разгільдзяйскі — вясёлы, прыпанкованы». Таму «аўтары» сталі «афтарамі».

Кулінковіч не змог адназначна адказаць на пытанне, якім па ліку з'яўляецца альбом «Афтары праўды». Паводле афіцыйнага сайта «Нейра Дзюбеля», гэта 16-ы альбом за амаль 23-гадовую гісторыю гурта, не лічачы падвойных альбомаў, выпускаў зборнікаў і ўдзелу ў сумесных праектах.

Дыск «Афтары праўды» з'явіцца ў продажы пасля канцэрту.

Апошнія навіны