Моладзевых актывістаў арыштавалі за акцыю з урнамі (Абноўлена)
- 15.11.2010, 13:44
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» правялі вулічную акцыю «Хаваць трэба смецце, а не галасы».
Удзельнікі акцыі нацягвалі на ўрны для смецця чорныя пакеты і прымацоўвалі налепку «Хаваць трэба смецце, а не галасы», перадае «Радыё Свабода».
Акцыя адначасова стартавала каля гатэля «Еўропа» і каля будынка выканкама СНД.
Каля Гума супрацоўнікі АМАПа без тлумачэнняў затрымалі Міхася Пашкевіча і Рамана Багдановіча.
Як паведаміў БелаПАН Пашкевіч, у Цэнтральным РУУС Менска, куды іх даставілі, былі складзеныя «пратаколы гутаркі». Аднак якіх-небудзь адміністрацыйных спраў у дачыненні да актывістаў узбуджаць не сталі. У міліцыі затрыманыя правялі трохі больш за гадзіну.
Разам з тым, міліцыя адмовілася вяртаць актывістам канфіскаваныя ў іх налепкі. «Цэнтральны РУУС фактычна выкраў у мяне каля 20 налепак без складання пратаколу», - заявіў Пашкевіч, растлумачыўшы, што канфіскацыя павінна афармляцца належным чынам.