Дзень салідарнасці распачаўся ў Менску з акцыі ў памяць пра зніклых (Фота)
- 16.11.2010, 10:46
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выйшлі на плошчу Перамогі з партрэтамі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.
Акцыя прайшла ў падземным пераходзе на плошчы Перамогі з самай раніцы і прыцягнула ўвагу менчукоў, якія ідуць ў гэты час на працу.
16 дня кожнага месяца адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці з рэпрэсаванымі і зніклымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі.
Удзельнікі акцыяў 16 лістапада маюць намер нагадаць, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму знаходзяцца вязні сумлення, не расследуюцца справы выкрадзеных і забітых у краіне лідэраў апазіцыі і журналістаў.
Заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце надыходу смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Алег Бябенін быў асноўным чальцом каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
У зняволенні знаходзіцца арыштаваны ў лютым 2009 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
У Беларусі па-ранейшаму не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999-2000 гадах лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.
Працягваюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў - незалежных журналістаў, актывістаў апазіцыі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.