Падаткавікі зноў не даюць жыць прадпрымальнікам
- 18.11.2010, 9:09
Бізнэсмэны скардзяцца ў Асацыяцыю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на дзеянні падатковых органаў, якія прымушаюць іх выкарыстоўваць электроннае дэклараванне.
Як паведаміў БелаПАН старшыня праўлення АМСП Сяргей Балыкін, звароты паступаюць галоўным чынам з розных рэгіёнаў Менскай вобласці.
Як адзначыў лідэр асацыяцыі, гаворка ідзе не толькі пра тое, каб прымусіць прадпрымальнікаў набыць праграмнае забеспячэнне, але і пра тое, каб прымусіць выкарыстоўваць яго тых, хто гэта ўжо зрабіў. Уладальнікі ПА адмаўляюцца яго выкарыстоўваць, спасылаючыся на тое, што яно складанае і недасканалае, сказаў Балыкін. Таму ім прасцей здаць папяровую дэкларацыю.
«Выклікаюць да кіраўніцтва падатковых інспекцыяў і настойліва патрабуюць падаваць дэкларацыі ў электронным выглядзе. Часам намякаюць на магчымасць у выпадку адмовы сапсаваць стасункі з падатковымі органамі. У абгрунтаванне сваіх «просьбаў» прыводзяць аргумент пра тое, што будуць скарачэнні падатковых органаў. Таму для спрашчэння працы з падаткаплацельшчыкам неабходна больш актыўна ўкараняць электроннае дэклараванне», - распавёў старшыня кіравання АМСП.
Пры гэтым ён нагадаў: «Падатковы кодэкс адназначна вызначае, што суб'екты гаспадарання маюць права падаваць як папяровы, так і электронны варыянт падатковай дэкларацыі. Таму патрабаванні падатковых органаў супрацьзаконныя».