ЦВК рэгіструе кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі
- 18.11.2010, 9:24
Паседжанне Цэнтравыбаркаму распачнецца ў 12.00 у Палацы Рэспублікі.
На яго запрошаныя прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы і кіраўнікі іх ініцыятыўных групаў. Асабістая прысутнасць патэнцыйных кандыдатаў неабавязковая, аднак чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка наведае паседжанне, паведамілі БелаПАН у Цэнтравыбаркаме. Вядома, што на рэгістрацыі будзе прысутнічаць асабіста лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.
Усе ахвотныя могуць прыйсці ў гэты час на Кастрычніцкую плошчу падтрымаць сваіх кандыдатаў.
Пасля рэгістрацыі кандыдаты ў прэзідэнты змогуць распачаць агітацыйную кампанію.
На сённяшнім паседжанні ЦВК пройдзе жараб’ёўка эфірнага часу для выступаў кандыдатаў. Як паведамлялася раней, выступы па тэлебачанні будуць праходзіць з 22 лістапада па 3 снежня ў працоўныя дні з 19.00 да 20.00, па радыё — з 6.00 да 7.10. Пасля 3 снежня кандыдаты ў прэзідэнты змогуць прыняць удзел у тэле- і радыёдэбатах.