Разам мы пераможам! (Фота, відэа)
- 19.11.2010, 17:01
Беларусь сапраўды на парозе зменаў. Гэта відаць па людзях, якія прыйшлі 19 лістапада на сустрэчу з Андрэем Саннікавым.
Нягледзячы на дождж, ў сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым ля Камароўскага рынка ў Менску прынялі ўдзел некалькі сотняў менчукоў. Ва ўсіх у іх - велізарная колькасць пытанняў, набалелых праблемаў, а самае галоўнае - надзея, што ўсё гэта можна вырашыць пры новым прэзідэнце.
На сустрэчу з кандыдатам прыйшлі людзі розных узростаў і прафесій. Вось кандыдат хімічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук РБ Лілія Краўчук.
«Дзед Саннікава – Кастусь Саннікаў – мой зямляк з Рагачова. Яго стрыечная сястра Вера Міхайлаўна Скачэўская – была маёй першай настаўніцай. Я тэлефанавала ў Рагачоў, агітавала за Саннікава ўсіх сваіх сваякоў. Бо ў Рагачове нават ёсць вуліца імя яго дзеда – вуліца Саннікава. Хай бы кандыдат у прэзідэнты прыехаў у наш горад!», - кажа жанчына.
А гэта прадпрымальнік Сяргей, які прыйшоў да Андрэя Саннікава, каб выказаць падтрымку і даць некалькі практычных парадаў, як лепш праводзіць кампанію.
«Я абавязкова буду галасаваць за Саннікава. Я палітычна актыўны чалавек, мяне нават агітаваць не трэба, я даўно вызначыўся. Уся мая сям'я і найбліжэйшае асяроддзе за яго. Хочацца сапраўды абнаўлення, хочацца ганарыцца прэзідэнтам, хочацца жыць у свабоднай краіне, адчуваць сябе свабодным, не баяцца, не хавацца на кухнях, казаць адкрыта, а не таемна. Хочацца, каб эканоміка краіны ўзнімалася за кошт развіцця прадпрымальніцтва, якое цяпер душыцца ля аснавання», - кажа мужчына.
Пажылая інтэлігентная жанчына задае не пытанне, а ўсхвалявана выказвае словы падтрымкі:
«Я вас бачу ў першы раз, але я стаяла і прыслухоўвалася да вас. У вас вельмі добрыя словы! Разумныя. І мне здаецца, што ўнутрана вы таксама такі чалавек. Значыць, усё будзе добра».
«Мы так жадаем, каб штосьці змянілася!», - ледзь не ўмольна кажуць жанчыны.
«Міленькі, дарагі наш, трэба ж сістэму кантролю за бюлетэнямі, трэба абараніць неяк нашыя галасы, усё ж кантралююць, падкартоўваюць», - просяць яшчэ дзве самавітыя дамы, уважліва да гэтага ўслухоўваючыся ў кожнае слова кандыдата.
Моладзь актыўна цікавіцца, што рабіць, калі ў ВНУ прымушаюць галасаваць датэрмінова. «Не хадзіце на датэрміновае галасаванне. Гэта самы эфектыўны спосаб, каб выкрасці нашыя галасы!», - кажа ўсім ім Саннікаў.
Усе сыходзіліся ў адным – трэба адстойваць права на свабодныя выбары на вуліцы. «Сустрэнемся 19-га на плошчы!», - увесь час казалі ўсе прысутныя.
Мы звяртаемся да маладога чалавека, які моўчкі слухае Саннікава, з пытаннем: чаму ён прыйшоў на пікет?
«Я хачу зменаў. Я не згодны з абвінавачваннямі, што нашая моладзь абыякавая і апалітычная. Проста нашую моладзь часцяком, асабліва тых, якія вучацца, змушаюць у прымусовым парадку галасаваць датэрмінова. А наогул я думаю, моладзь і сярэдні клас насельніцтва найболей актыўныя і могуць змяніць сітуацыю», - кажа 29-гадовы Вячаслаў, які працуе праграмістам.
Сталы дужы мужчына тэлефануе па «мабільніку» сябрам і просіць іх хутчэй прыехаць «пагутарыць» з кандыдатам Саннікавым.
«Гэта мой кандыдат. Я за яго аберуч. Будзем аптымістамі. Хочацца спадзявацца, што ён пераможа. Будзе вельмі цяжка, прапаганда на ўсіх каналах, вырасла ўжо пэўная праслойка людзей пры дыктатуры. Таму нам усім трэба змагацца», - тлумачыць ён, прадставіўшыся прадпрымальнікам Вадзімам.
Сустрэча доўжылася больш за гадзіну. І людзі гатовыя былі стаяць пад дажджом яшчэ столькі ж. Відаць было, што цікавасць і давер да кандыдата вялікі.
Актыўнасць людзей відавочна спалохала ўлады. Праз гадзіну за дзесяць метраў ад пікету Саннікава прыладзіўся пікет за Лукашэнку. Спешна прыбеглі актывісты БРСМ і «Белай Русі», разгарнулі чырвона-зялёныя флагі. Тры разы пракрычалі «Ура! Ура! Ура!». Згарнуліся і сышлі. «Можа, гэта быў пікет у падтрымку Саннікава?», - здзіўлена запытвалі мінакі.
«Я ў захапленні. Відаць, як людзі рэагуюць. Мае чаканні апраўдаліся: працягваецца той перыяд актыўнага ўдзелу людзей, які мы бачылі на пікетах па зборы подпісаў. Інфармацыя нідзе загадзя не распаўсюджвалася, а столькі людзей прыйшло. І ўсе жыва цікавяцца канкрэтнымі абсалютна пытаннямі, столькі нявырашаных пытанняў. Але мы ўсе іх вырашым», - сказаў Андрэй Саннікаў.