Жалобу па працоўных «Пінскдрэва» абвясцілі толькі ў Берасцейскай вобласці
- 2.11.2010, 17:05
Старшыня Берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар падпісаў распараджэнне пра абвяшчэнне ў Берасцейскай вобласці 3 і 4 лістапада Днямі смутку.
Жалоба абвешчана па загінулых у выніку выбуху і ўзгарання ў цэху ДСП ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» у Пінску, паведамляе БелТА.
У дні смутку на ўсёй тэрыторыі вобласці будуць прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі і сцягі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак вобласці. Установы культуры і рэгіянальныя тэлерадыёкампаніі вобласці адменяць забаўляльныя мерапрыемствы і перадачы.
Нагадаем, што раней апазіцыйныя палітыкі Андрэй Саннікаў і Аляксандр Мілінкевіч заклікалі аб'явіць у Беларусі Дзень нацыянальнай жалобы па загінулых падчас выбуху і пажару на фабрыцы «Пінскдрэў» працоўных.
Выбух і пажар адбыўся 25 кастрычніка ў Пінску на тэрыторыі ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» у цэху па вытворчасці драўняна-стружкавых плітаў СТАА «Пінскдрэў-ДСП». У выніку выбуху два чалавекі загінулі на месцы, яшчэ 19 атрымалі апёкі і траўмы. Да цяперашняга часу колькасць загінулых узрасла да 14 чалавек. У бальніцах у цяжкім стане знаходзяцца 6 чалавек, адна пацярпелая атрымлівае амбулаторнае лячэнне.