Дзмітрый Бандарэнка: Словы «эксперт АБСЕ» хутка стануць у Беларусі намінальнымі
- 23.11.2010, 14:45
Нельга рабіць заключэнне толькі на падставе папераў, прадстаўленых сілавікамі таталітарнай дзяржавы.
Пра гэта, каментуючы заключэнне экспертаў АБСЕ па справе аб гібелі журналіста Алега Бябеніна, заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка.
«На падставе той інфармацыі, з якой я азнаёміўся з заключэння экспертаў АБСЕ, магу адзначыць дзве рэчы. Эксперты пацвердзілі, што яны не праводзілі ўласнага расследавання, і не маглі яго праводзіць, а ўсяго толькі азнаёміліся з паперамі, якія ім падалі лукашэнкаўскія пракуратура і міліцыя. І адзінае сцверджанне, якое ім атрымалася зрабіць: што смерць Алега Бябеніна наступіла ад удушэння. Мы, сябры і калегі Алега, першапачаткова казалі пра тое, што Алег не павесіўся, а быў павешаны і пра тое, што ўлады яшчэ да правядзення судмедэкспертызы абвясцілі ў сродках масавай інфармацыі, што Алег Бябенін скончыў жыццё самагубствам. Іншыя версіі беларускай міліцыяй і пракуратурай першапачаткова не разглядаліся і не расследаваліся.
Ствараецца ўражанне, што эксперты, якія прыехалі, сталі цацкай у палітычных гульнях беларускага рэжыму і тых заходніх палітыкаў, якія спрабуюць выратаваць апошнюю дыктатуру Еўропы. На падставе тых фактаў, якія пацвердзілі эксперты, што прыязджалі на тры дні, пераканана казаць пра самагубства зусім нельга. Слова «эксперт АБСЕ» хутка стане ў Беларусі намінальным, бо людзі, якія прыязджаюць у краіну, не бяруць да ўвагі тое, што Беларусь з'яўляецца таталітарнай дзяржавай і рабіць заключэнне ўсяго толькі на падставе папераў, прадстаўленых сілавымі структурамі рэжыму немагчыма.
Папярэдні эксперт АБСЕ, які прыехаў у Беларусь з Германіі, і што рабіў заключэнне па справе палітвязня Мікалая Аўтуховіча, таксама ашукаўся, калі на падставе дакументаў следства пацвердзіў версію, што прадпрымальнік з'яўляецца тэрарыстам. Але ўсім вядома, што справа Аўтуховіча развалілася нават у лукашэнкаўскім судзе. Пасля змены ўлады ў Беларусі будзе праведзена сапраўднае расследаванне смерці журналіста Алега Бябеніна, таксама як і па іншых гучных справах у Беларусі», – упэўнены Дзмітрый Бандарэнка.