BE RU EN

Дыктатара на ТБ у 20 разоў больш, чым астатніх кандыдатаў

  • 24.11.2010, 9:12

Дзяржаўныя электронныя СМІ ігнаруюць усіх кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, акрамя Аляксандра Лукашэнкі.

За перыяд праверкі подпісаў беларускі кіраўнік атрымаў 54 хвіліны ў эфіры, а ўсе астатнія кандыдаты разам узятыя - усяго толькі дзве.

Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзентавала другую частку маніторынгу «Асвятленне беларускіх выбараў 2010 года ў беларускіх СМІ», якая прыпадае на этап праверкі подпісаў прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду.

Падчас правядзення першага этапу маніторынгу з 11 па 30 кастрычніка было выяўлена, што ў дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ тэма выбараў з'яўлялася далёка не прыярытэтнай. Пры гэтым у дзяржаўных СМІ дамінаваў станоўчы вобраз толькі аднаго прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду - дзейснага кіраўніка дзяржавы. Было таксама заўважана, што ў праграме «Нашы навіны» на АНТ тэме выбараў было адведзена часу ў 2 разу менш, чым надвор'ю, а ў праграме «Радыёфакт» на Першым канале беларускага радыё - у 3 разы менш. Таксама ў 3 разы менш тэме выбараў, чым надвор'ю, было нададзена часу ў праграме «Панарама» Першага нацыянальнага канала БТ.

У лістападзе сітуацыя з асвятленнем выбараў змянілася, але не кардынальна. Тэма выбараў у беларускай дзяржпрэсе так і засталася маргінальнай. Гэтыя СМІ працягнулі ігнараваць усіх прэтэндэнтаў, акрамя дыктатара. Мінімальная ўвага да іншых дзеючых асобаў выбарчага працэсу была выкліканая, як адзначаюць даследчыкі, працэдурай рэгістрацыі кандыдатаў Цэнтравыбаркамам. У той жа час у недзяржаўных СМІ, якія падпалі пад маніторынг, увага надавалася ўсім кандыдатам, а выпадкаў падтасоўвання інфармацыі ці яе тэндэнцыйнага асвятлення не выяўлена.

Разам з тым даследчыкі адзначылі пэўнае ўзрастанне цікавасці дзяржаўных СМІ да перадвыбарчай тэматыкі. Так, тэме выбараў у праграме «Панарама» зараз было нададзена 3 адсоткі эфіру. Столькі ж эфірнага часу было нададзена і прагнозу надвор'я. У кастрычніку перадвыбарчай кампаніі ў гэтай праграме было прысвечана 0,86 адсотка часу. Гэта значыць «зрух» цікавасці да выбараў маецца, але, улічваючы, што 85 адсоткаў яе эфіру было прысвечана дзейнасці цяперашняга прэзідэнта, такая змена не падаецца актуальнай.

Падобныя дыспрапорцыі адзначаюцца і ў іншых перадачах. Так, перадача «Нашы навіны» тэлеканала АНТ у два разы (з 3,3 да 6,8 адсотка) павялічыла эфірны час, прысвечаны перадвыбарчай тэматыцы. Але пры гэтым у перыяд другой часткі маніторынгу Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на экране амаль 54 хвіліны, а астатнія прэтэндэнты ў прэзідэнты (за выключэннем В.Рымашэўскага) усе разам – крыху больш за больш 2 хвіліны.

Пры гэтым даследчыкі адзначаюць факты маргіналізацыі і дыскрэдытацыі ў дзяржпрэсе апазіцыйных кандыдатаў.

Апошнія навіны