Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы сустрэўся з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ
- 25.11.2010, 15:23
Раней Мікалай Казлоў распавёў усёй краіне пра фальсіфікацыі падчас парламенцкіх выбараў.
«Мы абмяняліся інфармацыяй адносна ходу выбарчай кампаніі, я распавёў Герту Арэнсу пра ўжо праведзеныя сустрэчы з выбарнікамі», — паведаміў БелаПАН кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук 25 лістапада.
Палітык, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу кіраўніка місіі на нежаданні выбарчых камісій інфармаваць выбарнікаў пра сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты, пра пагрозы ў адрас студэнтаў з боку кіраўніцтва навучальных установаў за іх прысутнасць на такіх сустрэчах.
Раманчук таксама паведаміў, што ў сустрэчы з Арэнсам браў удзел былы супрацоўнік міліцыі Мікалай Казлоў. «Ён распавёў пра фальсіфікацыі падчас выбараў дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў» у 2008 годзе. Цяпер у выбарчых камісіях працуюць тыя ж самыя людзі, а таму яны наўрад ці адмовяцца ад фальсіфікацый і на выбарах прэзідэнта», — сказаў палітык.
На прэс-канферэнцыі 18 кастрычніка Казлоў паведаміў, што 27 верасня 2008 года, у апошні дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў», ён, з'яўляючыся супрацоўнікам крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Менска, знаходзіўся на начным дзяжурстве на выбарчым участку № 463 Старавіленскай акругі № 105. Казлоў бачыў, як тры чальца выбарчай камісіі кідалі ў скрыню для галасавання бюлетэні. Нягледзячы на даклад пра парушэнні начальству, іх расследаванне не праводзілася.