BE RU EN

Праваабаронцы жадаюць сачыць за ўрнамі ўначы

  • 25.11.2010, 16:28

Ні чальцы ўчастковай камісіі, ні назіральнікі не маюць магчымасці кантраляваць захаванасць бюлетэняў выбарнікаў.

Грамадзянская кампанія «За справядлівыя выбары-2010» звярнулася ў Цэнтрвыбаркам з просьбай даць тлумачэнне, што назіральнікі ў перыяд датэрміновага галасавання да сканчэння часу правядзення галасавання маюць права назіраць за ўмовамі захоўвання скрыні для галасавання ў тым жа памяшканні, дзе знаходзіцца дзяжурны супрацоўнік органаў унутраных спраў. Пра гэта карэспандэнту «Народнай Волі» паведамілі ў прэс-службе кампаніі «За справядлівыя выбары-2010».

Паводле словаў каардынатараў кампаніі, дадзенае тлумачэнне цалкам адпавядае дзейснаму заканадаўству. У адпаведнасці з ч. 4 арт. 13 Выбарчага кодэкса назіральнік мае права знаходзіцца ў дзень галасавання ў памяшканнях для галасавання з моманту пламбавання ці апячатвання скрыняў для галасавання да сканчэння падвядзення вынікаў галасавання. Па аналогіі, назіральнік мае права прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні з моманту пламбавання ці апячатвання скрыняў для галасавання да сканчэння падвядзення вынікаў галасавання.

Справа ў тым, што Выбарчы кодэкс РБ не змяшчае ўказанняў пра ўмовы захоўвання скрыні для галасавання ў перыяд датэрміновага галасавання пасля завяршэння часу галасавання. Практыка правядзення выбараў, якая склалася ў Беларусі, сведчыць пра тое, што ў перыяд датэрміновага галасавання штодня да сканчэння часу правядзення галасавання і да адкрыцця выбарчага ўчастку на наступны дзень у памяшканні, дзе захоўваецца скрыня для датэрміновага галасавання, ці побач з гэтым памяшканнем дзяжурыць толькі работнік органаў унутраных спраў. Ні чальцы ўчастковай камісіі, ні назіральнікі ў дадзены час не маюць магчымасці кантраляваць захаванасць бюлетэняў выбарнікаў, якія прагаласавалі датэрмінова. Такая практыка стварае ўмовы для фальсіфікацыі вынікаў галасавання, адзначаецца ў лісце, накіраваным у ЦВК.

Прыняцце дадзенага рашэння, упэўненыя каардынатары кампаніі «За справядлівыя выбары 2010», будзе спрыяць большай празрыстасці выбарчага працэсу, узмацненню даверу да вынікаў выбараў у краіне і ў міжнароднай супольнасці.

Ліст у ЦВК падпісалі старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» Сяргей Калякін, намстаршыні ПАГА «Рух «За свабоду!», нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» Віктар Карнеенка, кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Аляксандр Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч.

Апошнія навіны